Цяпло ў дамах — на першым плане ў рабоце УКП ЖКГ

Актуальное

майстар участка цеплаэнергетыкі УКП ЖКГ Аляксандр Каплуноўскі
майстар участка цеплаэнергетыкі УКП ЖКГ Аляксандр Каплуноўскі

Розныя ўстановы, арганізацыі і службы ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі нашага раёна. Да ліку стратэгічна важных, без якіх жыццё сучаснага чалавека ўявіць проста нельга,  адносіцца УКП ЖКГ — шматгаліновая гаспадарка, дзякуючы якой у нашы дамы і кватэры паступае чыстая вада, цяпло ў халодны перыяд года, іншыя бытавыя выгоды. У перыяд ацяпляльнага сезону цяпло ў шматкватэрныя дамы шаркаўчан  паступае дзякуючы рабоце калектыву, які працуе на ўчастку цеплаэнергетыкі УКП ЖКГ. У складзе гэтага ўчастка і кацельная, размешчаная ў мікрараёне будаўнікоў, дзе пабывала і карэспандэнт раённай газеты. Пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Сяргеевіча Каплуноўскага там працуюць 9 чалавек — 8 аператараў і адзін зваршчык.

  • Наша кацельная абслугоўвае тэрыторыю мікрараёна ПМК-68, установы і арганізацыі, а таксама шматкватэрныя жылыя дамы па вуліцах Чырванадворская, М. Горкага (у тым ліку і дзіцячыя яслі-сады № 1 і № 3), 5 жылых дамоў па вуліцы Будаўнікоў, — паведаміў падчас нашай размовы Аляксандр Каплуноўскі. — Кацельная працуе на мясцовым відзе паліва — драўнянай шчапе і забяспечвае цяплом насельніцтва ўсяго мікрараёна.

Хоць загрузка і падача драўнянай шчапы ў кацёл — працэс аўтаматызаваны, усё ж ад чалавечага фактару, у першую чаргу, залежыць бесперабойная і паспяховая работа ўсёй сістэмы ацяплення. Неабходна своечасова ажыццяўляць падачу паліўных матэрыялаў, кантраляваць спраўнасць абсталявання і тэмпературны рэжым, каб мінімізаваць рызыку ўзнікнення аварыйных сітуацый. Калектыў на ўчастку нашай кацельнай працуе надзейна і зладжана, усе належным чынам выконваюць свае абавязкі і з вялікай адказнасцю адносяцца да працы.

Сам жа майстар участка цеплаэнергетыкі УКП ЖКХ Аляксандр Каплуноўскі — адзін з самых маладых супрацоўнікаў у сваім калектыве. На працягу 7 гадоў ён працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна, з 2011 года — на ўчастку цеплаэнергетыкі. Пад яго асабістым кантролем — арганізацыя работы кацельных у мікрараёне будаўнікоў і вёсцы Александрова, а таксама работа памывачнага пункта (гарадской лазні) у нашым гарадскім пасёлку.

Майстар нясе асабістую адказнасць за спраўнасць ацяпляльных катлоў і іх абсталявання, ажыццяўляе кантроль за рабочым персаналам, адказвае за тэхніку бяспекі, ахову працы і спраўны стан цеплавых сетак. Задача Аляксандра і падначаленай яму брыгады, каб уся ацяпляльная сістэма працавала без перабояў, а ў выпадку паломкі была вельмі хутка адрамантавана. Работа ў Аляксандра Каплуноўскага, як і ў яго калег, складаная, вельмі адказная і небяспечная, бо не сакрэт, што да любых відаў дзейнасці, звязаных з ацяпляльнай сістэмай, неабходна падыходзіць прафесійна і ўважліва. Кацельныя — аб’екты павышанай небяспекі, а таму прафесійнай падрыхтоўцы персаналу надаецца асаблівая ўвага.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *