Чалавек і яго справа: электрагазазваршчык УП “Шаркаўшчынскае ПМС” Антон Баляслававіч Шышко

Сельское хозяйство

355Вёска, горад, дзе чалавек нарадзіўся, іграюць важную ролю ў яго жыцці. Таму ўсім беларусам трэба памятаць пра свае карані і аддаць даніну павагі зямлі, якая ўскарміла”.

А. Р. Лукашэнка.

Працоўныя рукі заўсёды былі і застаюцца ў пашане. Кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў высока цэніць работнікаў, хто па-сапраўднаму шчыра, дасканала і выдатна выконвае свае службовыя абавязкі, плённай работай прыносіць карысць усяму калектыву.

Трыццаць год на УП “Шаркаўшчынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” працуе электрагазазваршчыкам Антон Баляслававіч Шышко. Прыроднае ўменне і шматгадовы вопыт дазваляюць паспяхова спраўляцца яму з рознымі відамі зварачных работ. Калі трэба, ён згаджаецца працаваць звышурочна і ў выхадныя дні. 9 лютага Антон Баляслававіч стаў удзельнікам урачыстага ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу, якое прайшло ў Мінску.

— У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці было звыш 50-ці чалавек, — кажа Антон Баляслававіч. — Гэта кіраўнікі арганізацый, спецыялісты, рабочыя прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Прыняць удзел у рэспубліканскім форуме пашчасціла і мне. Зразумела, што гонару пабываць у Мінску на такім мерапрыемстве былі ўдастоены лепшыя працаўнікі рэспублікі. Вельмі рады, што і мая сціплая праца не засталася незаўважанай з боку кіраўніцтва нашага прадпрыемства, раённай і абласной улады.

Упершыню я ўбачыў Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Як і астатнія, уважліва слухаў яго прамову. Лідар краіны ў сваім выступленні падкрэсліў, што Беларусь можа разлічваць толькі на людзей, што забяспечваюць сваёй працай наш агульны дабрабыт. Менавіта цяпер у краіне назіраецца дынамічнае развіццё ўсіх галін аграпрамысловага комплексу, у тым ліку і дзякуючы людзям працы.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання ў нас была цудоўная магчымасць пабываць на канцэрце майстроў айчыннай эстрады ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Шчыра кажучы, той дзень, калі я наведаў Мінск, прыняў удзел у рэспубліканскім форуме, застанецца ў памяці на ўсё жыццё.

Антон Баляслававіч Шышко, як і гераіня нашага мінулага матэрыяла галоўны ветэрынарны ўрач ААТ “Буеўшчына” Ала Георгіеўна Баговіч, застаўся верным сваёй малой радзіме. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Шышкі Германавіцкага сельсавета. Пасля арміі атрымаў прафесію электрагазазваршчыка. Некаторы час працаваў па спецыяльнасці ў калгасе “Вялікае Сяло”. У канцы 1980-х гадоў разам з жонкай Галінай пераехалі ў раённы цэнтр. Спадарожніца жыцця ўладкавалася парыкмахерам на камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, а Антону Баляслававічу прапанавалі працу ў прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. З той пары мужчына нязменна і шчыруе ў гэтай арганізацыі.

— Каб быць шчаслівым чалавекам, не трэба шукаць лёгкага хлеба, не марыць аб завоблачных вышынях, — падзяліўся з намі сваім жыццёвым меркаваннем Антон Баляслававіч. — Лепш сумленна працаваць, з павагай адносіцца да людзей, беражна захоўваць той неацэнны скарб, які ўсе мы называем жыццём пад мірным небам нашай Беларусі.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *