Сапраўдны руплівец механізатар ААТ «Буеўшчына» Андрэй Пастны

Сельское хозяйство

Так кіраўніцтва ААТ «Буеўшчына» і аднавяскоўцы называюць механізатара гаспадаркі Андрэя Пастнога (на здымку).

— Сваю тэхніку да ўборкі я падрыхтаваў яшчэ вясной, расказаў Андрэй. Замяніў на камбайне ўсе патрэбныя вузлы і агрэгаты. Абмалочваў спачатку азімы ячмень, потым азімы рапс. Пакрысе даспела пшаніца. Разам з іншымі камбайнерамі цяпер убіраю гэту культуру.

Разам з Андрэем Пастным за штурваламі камбайнаў працуюць яшчэ чатыры механізатары. Кожны з іх мае вопыт у кіраванні такой магутнай тэхнікай, з сумленнем адносіцца да справы, бо ведае цану хлебу.

Як паведамілі ў райкаме прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Андрэй Пастны сёлета стаў лідарам сярод механізатараў раёна, задзейнічаных на касавіцы. На трактары «Беларус» МТЗ-920 у счэпе з касілкай КДН-3,7 ён скасіў 618 гектараў сенажацяў. За працоўныя поспехі атрымаў дыплом і грашовую прэмію.

Па стане на 25 ліпеня Андрэй Пастны ўбраў 320 гектараў зерневых культур і рапсу, намалаціў 454 тоны. Будзем спадзявацца, што сёлета механізатар увойдзе ў лік перадавых камбайнераў раёна і намалоціць звыш тысячы тон зерня.

Сяпгей РАЙЧОНАК.