“Я — аптымістка» — кажа пра сябе Антаніна Іванаўна Хамянок, якая адствяткавала 90-гадовы юбілей

Актуальное

юбілярка з мужам Міхаілам Мацвеевічам і супрацоўнікамі Полаўскага лясніцтва, у калектыве якога яна адпрацавала 36 год
юбілярка з мужам Міхаілам Мацвеевічам і супрацоўнікамі Полаўскага лясніцтва, у калектыве якога яна адпрацавала 36 год

Прызнацца, не часта ў жыцці сустрэнеш дзевяностагадовую жанчыну, якая літаральна выпраменьвае аптымізм, энергію, добры настрой і зараджае сваім пазітывам усіх родных і знаёмых. Жыхарка вёскі Абалонь Станіславоўскага сельскага Савета — Антаніна Іванаўна Хамянок — менавіта з ліку такіх людзей. 27 лютага жанчына сустрэла свой 90-гадовы юбілей.

З гэтай адметнай і прыгожай датай віншаванні ў адрас юбіляркі прагучалі ад шэрагу людзей, родных і знаёмых, аднавяскоўцаў. З падарункамі, музычнымі віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі ўсяго самага найлепшага ў дзень 90-гадовага юбілею да Антаніны Іванаўны завіталі старшыня і кіраўнік спраў Станіславоўскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Георгіеўна Сідарчук і Алёна Уладзіміраўна Седзюкевіч, загадчыца Жукоўшчынскага сельскага клуба Надзея Пятроўна Кіраенка, старэйшына вёскі Абалонь Лілія Іосіфаўна Болгава, былы дырэктар Слабадской сярэдняй школы Галіна Іванаўна Сікора і прадстаўнікі Полаўскага лясніцтва (Пастаўскі лясгас), у калектыве якога Антаніна Іванаўна адпрацавала 36 гадоў.

Юбілярка нарадзілася ў Расіі, у горадзе Асташкаў Цвярской вобласці. На радзіме закончыла тэхнікум мяса-малочнай прамысловасці. Вялікую Айчынную вайну жанчына і сёння ўспамінае як самы складаны ў жыцці перыяд. У час вайны мясцовасць неаднаразова пераходзіла ад адной улады да іншай, каб выжыць, даводзілася хавацца па вёсках, уцякаць ад немцаў. У Беларусі Антаніна Іванаўна засталася, калі прыехала ў госці да сястры, якая разам з мужам, ваенным афіцэрам, пражывала ў Паставах. Спачатку працавала ў Лынтупах майстрам на маслазаводзе, на працягу трох з паловай дзясяткаў гадоў была галоўным бухгалтарам у Полаўскім лясніцтве. У гэтым жа лясніцтве ляснічым усё жыццё адпрацаваў і муж Антаніны Іванаўны — Міхаіл Мацвеевіч Хамянок. Дарэчы, у гэтым годзе ён таксама адзначыць свой 90-гадовы юбілей.

Міхаіл Мацвеевіч і Антаніна Іванаўна ўжо 66 гадоў разам. Яны выхавалі траіх дзяцей, усім дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. У дзядулі і бабулі 6 унукаў, столькі ж праўнукаў. Усімі сваімі роднымі Антаніна Іванаўна і Міхаіл Мацвеевіч вельмі ганарацца і заўсёды чакаюць у госці. А з асаблівай цеплынёй і пяшчотай гераіня гэтага матэрыялу заўсёды расказвае пра сваіх унукаў Таццяну і Антона (цяпер ужо дарослых), якія з самага дзяцінства былі побач. Пасля заўчаснай смерці нявесткі Антаніна Іванаўна замяніла сваім унукам маці. 10-гадовая Таня і маленькі Антон, якому яшчэ не было і двух гадоў, выхоўваліся ў доме бабулі і дзядулі аж да самага паўналецця.

Як бачна, жыццё не было лёгкім, але, напэўна, праўду кажуць у народзе, што чалавека, у першую чаргу, стараць душэўны сум і маркота, а потым ужо балячкі. І на свой паважаны ўзрост Антаніна Іванаўна не выглядае менавіта таму, што не стамілася ад жыцця, не скардзіцца на яго. Каб быць у курсе падзей, жанчына і сёння цікавіцца навінамі ў свеце, у нашай краіне і ў сваім раёне. Па-ранейшаму выпісвае дзве раённыя газеты: “Кліч Радзімы”, каб усё ведаць пра падзеі свайго роднага краю, і “Пастаўскі край”, бо на тэрыторыі Пастаўскага раёна жанчына ўсё жыццё адпрацавала ў лясніцтве.

“Я — аптымістка, — кажа пра сябе юбілярка. — І сёння жыву з верай у дабро, у добрых людзей, якіх на маім жыццёвым шляху было значна больш. З вышыні таго, што давялося перажыць, многае сёння здаецца такім паправімым, такім неістотным. Неабходна цаніць тое, што маеш. Для мяне — гэта мае родныя, мая вялікая сям’я, сябры, знаёмыя і аднавяскоўцы.

Вось і многія землякі, сябры і знаёмыя з задавальненнем павіншавалі Антаніну Іванаўну з яе цудоўным юбілеем, парадаваліся за яе, пажадалі моцнага здароўя на доўгія гады. Кіраўніцтва Станіславоўскага сельскага Савета А. Г. Сідарчук і А. У. Седзюкевіч, калектыў Полаўскага лясніцтва, загадчыца Жукоўшчынскага сельскага клуба Н. П. Кіраенка, старэйшына вёскі Л. І. Болгава і былы дырэктар Слабадской школы Г. І. Сікора ад усёй душы павіншавалі Антаніну Іванаўну, пажадалі ёй здароўя, бадзёрасці, любові і павагі ад родных людзей і яшчэ доўга жыць, атрымліваючы ад жыцця задавальненне.

“Здароўя моцнага, дзён радасных і няхай тое цяпло і клопат, якое вы, Антаніна Іванаўна, на працягу доўгіх гадоў дарылі сваім дзецям і ўнукам, вяртаюцца да вас ад  усіх родных”, — пажадала юбілярцы загадчыца Жукоўшчынскага сельскага клуба Надзея Пятроўна Кіраенка.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_5841 (Копировать)IMG_5859 (Копировать) IMG_5868 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *