Каб ведаць беларускую кнігу трэба ведаць яе аўтараў, творцаў сучаснай беларускай літаратуры. Менавіта гэтаму спрыяюць творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, якія адбываюцца ў бібліятэках і школах. І вось адно з такіх мерапрыемстваў адбылося ў Лужках з Віктарам Праўдзіным, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам твораў дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру.
Сёлетні год у Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы. А значыць, прыйшоў час кожнаму з нас не толькі ўспомніць пра свае карані, але і аддаць даніну павагі кавалачку зямлі, дзе мы з’явіліся на свет. Літаратурна-музычная імпрэза “Аптыміст з берагоў Мнюты” стала працягам дзейнасці па захаванні і памнажэнні гістарычнай спадчыны нашай мясцовасці, нашай малой радзімы, каб потым з годнасцю перадаць яе нашчадкам.
Нягледзечы на штодзённыя клопаты, якія нясе ў сабе наша мітуслівае жыццё, зала Лужкаўскага сельскага дома культуры сабрала ў сваіх сценах аднавяскоўцаў, аматараў мастацкага слова, цікавых людзей, адданых кнізе, чытанню і самаўдасканальванню. Знаёмства з багатай і цікавай гістарычнай спадчынай лужкаўскай зямлі перамяжоўвалася з музычнымі нумарамі ў выкананні работнікаў Лужкаўскага СДК. Працягам літаратурнай сустрэчы стаў змястоўны аповед пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Узнёсла і з радасцю Віктар Праўдзін выступіў перад землякамі, а потым непрыкметна сустрэча набыла форму “пытанне-адказ”.
Словы ўдзячнасці і падзякі за літаратурны візіт прагучалі з вуснаў старшыні Лужкаўскага сельвыканкама Таццяны Краснадубскай. Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы не змог не падзяліцца і Тадэвуш Струй, актыўны чытач нашай бібліятэкі, даўні знаёмы і сябра Віктара Праўдзіна. Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя змаглі атрымаць ў падарунак кнігу з асабістым подпісам аўтара. Не выключэннем сталі і супрацоўнікі нашай бібліятэкі, якім таксама падарыў свае кнігі беларускі пісьменнік.
Сустрэча з таленавітымі людзьмі натхняе на творчасць.
Прыемна было знаходзіцца ў нашай утульнай зале, з цікавасцю слухаць харызматычнага Віктара Аляксандравіча Праўдзіна. Між намі не адчувалася ніякай адлегласці, усе мы былі як добрыя знаёмыя, як блізкія людзі. Мы лічым, што нам вельмі пашанцавала, бо на лужкаўскай зямлі адбылася цікавая сустрэча з выдатным пісьменнікам.
І. МАШАРА,
загадчыца Лужкаўскай бібліятэкі.
