Пра тое, як падрыхтаваліся сельгаспрадпрыемствы нашага раёна да пасяўной кампаніі, нам расказала намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Ірына Міхалёнак

Сельское хозяйство

363На календары — другая дэкада красавіка, а цёплае вясенняе надвор’е толькі-толькі пачынае праграваць нясмелымі сонечнымі промнямі зямлю. Для аграрыяў раёна пачынаецца гарачая пара — веснавая сяўба. Пра тое, як падрыхтаваліся сельгаспрадпрыемствы да гэтай адказнай кампаніі, нам паведаміла намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Ірына Генадзьеўна Міхалёнак.

— Ірына Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, як сёлета перазімавалі азімыя культуры ў гаспадарках нашага раёна?

— Складаныя пагодныя ўмовы надвор’я сёлетняй зімы аказалі негатыўны ўплыў на стан азімага рапсу. Пасеяны ён быў на плошчы 1.559 га, але з-за недастатковага снежнага покрыва і мінусавых тэмператур 90% гэтай культуры загінула. Крыху лепш справы з азімай пшаніцай, бо яна больш устойлівая да зімоўкі. Па раёне пшаніца пасеяна на плошчы 5.000 га. Але і тут ёсць некаторыя праблемы. Часткова трэба будзе перасяваць гэту культуру на ўчастках, дзе яна вымакла.

— Якія культуры і ў якім аб’ёме сёлета запланавана пасеяць у гаспадарках?

— Усяго яравы клін павінен скласці 24.809 га. З іх зерневых і зернебабовых культур — 14.796 га, кукурузы — 3.050 га, яравога рапсу — 4.185 га, бульбы — 20 га, аднагадовых траў — 2.758 га. Мінулагодняй восенню зябліва было ўзнята на плошчы 13.132 га. Таксама трэба правесці веснавое ворыва на 11.306 гектарах. А гэта дадатковыя матэрыяльныя рэсурсы і час. Па разліках для гэтага патрабуецца не менш, чым 16 дзён пры ўмовах, што будзе ў наяўнасці 226 тон дызельнага паліва, якое патрабуецца менавіта для ворыва.

— У якой гатоўнасці знаходзіцца тэхніка сельгаспрадпрыемстваў і ці хапае механізатарскіх кадраў для правядзення пасяўной?

— У гаспадарках раёна маецца 61 энерганасычаны трактар. Большасць з іх знаходзіцца ў спраўным стане. Плануецца, што 31 трактар будзе задзейнічаны на ворыве, падрыхтоўцы глебы і сяўбе ў дзве змены. Таксама патрабуецца 134 механізатары. У наяўнасці — налічваецца 121 трактарыст, астатніх выдзеляць прадпрыемствы і арганізацыі гарадскога пасёлка і раёна. Усяго ж на правядзенне пасяўной патрабуецца 810 тон дызельнага паліва.

— Не менш важная праблема з наяўнасцю насення і мінеральных удабрэнняў. Ці ў дастатковай колькасці яны маюцца ў гаспадарках?

— Насенне яравых культур, у тым ліку і элітнае, у сельгаспрадпрыемствах ёсць у поўным аб’ёме. Складаней справы з наяўнасцю мінеральных удабрэнняў. Не ў стане іх закупіць ААТ “Жвіранка”, “Княж” і “Буеўшчына” з-за немагчымасці атрымання крэдытных сродкаў. У патрэбных аб’ёмах мінеральныя ўдабрэнні ёсць у гаспадарках, якія адышлі ў склад інтэграваных структур. Так, КУВСП “Гарадзец” увайшоў у склад Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, а ААТ “Даватарскі”, “Агратэхсэрвіс” і КУВСП імя Маркава — у склад Глыбоцкага камбікормавага завода.

— У жыхароў нашага раёна, асабліва ў працаўнікоў сяла, узнікае шмат пытанняў, каму і на якіх умовах цяпер будуць падпарадкоўвацца тыя гаспадаркі, якія сталі часткамі інтэграваных структур?

— Гэтыя сельгаспрадпрыемствы засталіся ў падпарадкаванні Шаркаўшчынскага райвыканкама. Спецыялісты нашага ўпраўлення райсельгасхарчу будуць ажыццяўляць кантроль за правільнасцю выканання тэхналагічнага працэсу сяўбы, корманарыхтоўкі, уборачнай кампаніі. У той жа час адміністрацыя і спецыялісты дадзеных гаспадарак паралельна будуць падпарадкоўвацца і Шаркаўшчынскаму райвыканкаму, і кіраўніцтву інтэграваных структур. Дарэчы, апошнія ў дадзеным выпадку выступаюць у ролі інвестараў: ствараюць матэрыяльную базу, мэтанакіравана выдзяляюць адпаведныя сродкі для выканання запланаваных відаў работ.

— Ірына Генадзьеўна, за які тэрмін плануецца правесці сяўбу?

— Каб паспець у адпаведныя тэрміны, усе віды работ, пачынаючы ад ворыва і заканчваючы сяўбой, трэба правесці да 10 мая з абавязковым выкананнем тэхналагічных працэсаў. Толькі тады ў поўнай меры можна будзе разлічваць на атрыманне станоўчых вынікаў і добрага ўраджаю восенню. Будзем спадзявацца, што так у нас і атрымаецца.

— Дзякуй вам за гутарку!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *