Чалавек года Шаркаўшчыны: трактарыст-машыніст раёна электрасетак Раман Ермаловіч

Актуальное

437Чалавек на сваім шляху сустракае мноства жыццёва важных задач, і адна з іх — авалоданне прафессіяй. Калі прафесія па сэрцы, то чалавек пражывае шчаслівае жыццё. Ён патрэбен грамадству, яго паважаюць людзі. Урач добрасумленна лечыць хворых, настаўнік дае вучням глыбокія веды, капітан вядзе карабель, мінаючы рыфы і мелі. Сям’я патрабуе ад чалавека любові і клопату, а працоўны калектыў ацэньвае яго як прафесіянала. Людзі заўсёды імкнуцца да прафесійнага росту, жадаюць займаць прэстыжныя пасады. Але справа гонару любога работніка — і сціплага, і адзначанага ўвагай людзей — быць першым менавіта ў сваёй прафесіі. Нездарама кажуць: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца”.

Амаль чвэрць стагоддзя ў Шаркаўшчынскім раёне электрасетак працуе трактарыстам бурыльна-кранавай машыны, створанай на базе МТЗ-82, Раман Віктаравіч Ермаловіч. А ўсяго вадзіцельскі стаж мужчыны налічвае 37 год.

Нарадзіўся Раман Віктаравіч у вёсцы Стральцова, што ў Лужкаўскім сельсавеце. Закончыў восем класаў мясцовай школы і, як многія юнакі-равеснікі, вучыўся ў Глыбоцкім СПТВ, набыў там кваліфікацыю трактарыста-машыніста шырокага профілю. Адслужыўшы ў войску, перабраўся на сталае месца жыхарства ў Шаркаўшчыну. Непрацяглы тэрмін працаваў у раённым спажывецкім таварыстве. Затым быў трактарыстам на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.

— У 1995 годзе былы начальнік раёна электрычных сетак Віталій Анісімавіч Шарыпа прапанаваў мне перайсці на працу ў РЭС, — успамінае Раман Віктаравіч. — Прапанову я прыняў, бо ведаў кіраўніка гэтай арганізацыі як добрага чалавека і прафесіянала сваёй справы. Вось з той пары я і працую тут. Да справы сваёй адношуся вельмі адказна, бо ад правільнага і дакладнага выканання службовых абавязкаў залежаць вынікі агульнай работы, якую мы выконваем разам з брыгадамі электраманцёраў: устанаўліваем слупы ліній электраперадач, мяняем аварыйныя апоры, выконваем іншыя віды работ, накіраваныя на бесперабойнае электразабеспячэнне.

— Наш Раман Віктаравіч з’яўляецца прыкладам для іншых работнікаў РЭСа, — далучыўся да размовы начальнік арганізацыі Уладзімір Арсеньевіч Фёдараў. — Справу сваю ведае дасканала і працуе бездакорна. Яго трактар 1989 года выпуску. Але, як самі бачыце, выгляд мае такі, быццам зусім нядаўна сышоў з завадскога канвеера. Шануе Раман Віктаравіч замацаваную за ім тэхніку, беражліва яе эксплуатуе.

Шмат падзяк, грамат мае за сваю станоўчую работу гэты мужчына. Чарговай узнагародай для Рамана Віктаравіча стала прысваенне яму ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” ў сакавіку сёлетняга года. Сціпласць, працавітасць і спагадлівасць — вось толькі некаторыя станоўчыя рысы характару Рамана Віктаравіча Ермаловіча, якія вылучаюць яго ў калектыве і дапамагаюць у жыцці.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *