
З 26 сакавіка па 31 красавіка з 8 да 14 гадзін на базе Шаркаўшчынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы працаваў спартыўны лагер, адпачывалі ў якім выхаванцы сярэдніх школ райцэнтра. Сёння наш фотарасказ аб адным з праведзеных мерапрыемстваў.
Мы неаднаразова паведамлялі аб паспяховых выступленнях на спаборніцтвах розных узроўняў хлопчыкаў і дзяўчынак дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзе займаецца ў асноўным наш раённы “алімпійскі” рэзерв. Каб не перапыняць заняткі і не страціць спартыўную форму, яны выказалі жаданне наведваць у час школьных канікулаў лагер, дзе заняткі з 8 да 14 гадзін вядуць трэнеры-выкладчыкі.
Адзін з элементаў распрацаванай праграмы — правядзенне спартландыі. На гэты раз у спартыўнай зале РДК спаборнічалі каманды “Тытаны” і “Арыгіналы”. Выяўлялі мацнейшых у скачках у мяхах, бегу з абручамі, дэманстравалі сваё майстэрства ў вядзенні мяча і г. д. На заканчэнні капітанам каманд-удзельніц былі ўручаны торты.

Дарэчы, фінансаванне ўдзельнікаў лагера цяпер праводзіцца Міністэрствам спорту і турызму, бо ДЮСШ з’яўляецца падраздзяленнем раённага аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Сродкі пералічваюцца на рахунак аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства і дзецям гатуецца паўнацэнны абед у рэстаране. Такім чынам, яны там не толькі харчуюцца, а і асвойваюць правілы паводзін і сервіроўкі стала, што падабаецца і юным спартсменам, і іх бацькам.

Наперадзе ў выхаванцаў ДЮСШ новыя старты. Думаецца, што знаходжанне ў спартыўным лагеры паспрыяе павышэнню іх майстэрства і паспяховаму выступленню ў сваіх любімых відах спорту ў далейшым, бо менавіта так рыхтуецца юная змена.
Эдуард КОРСАК
