Звычайна, у сям’і дзяўчынкі пераймаюць звычкі, захапленні ад маці. Творчыя здольнасці таксама перадаюцца з пакалення ў пакаленне. У гэтым мы пераканаліся на прыкладзе сям’і Дзяхцяр з Шаркаўшчыны.
Маладосць Алены Мікалаеўны праходзіла ў тыя часы, калі ў вёсках дзяўчаты захапляліся вышыўкамі, вязаннем, калі зімовымі доўгімі вечарамі збіраліся ў кагосці ў доме і хваліліся адна перад адной сваімі работамі, пераймалі нешта новае, вучыліся таму, чаго не ведалі. Тады Алена любавалася прыгажосцю звязаных і вышытых сяброўкамі рэчаў і сама вырашыла паспрабаваць. Так захапілася рукадзеллем, што як толькі здаралася вольная хвіліна, бралася за шыдэлак і вывязвала карункі, вышывала рознакаляровымі ніткамі карціны.
Алена Мікалаеўна ў свой час закончыла Полацкае медыцынскае вучылішча. Працавала па спецыяльнасці ў дзіцячым садку. Але тое хобі, якім захапілася аднойчы, не пакідала і ў далейшым жыцці. Спачатку вязала ўзоры і рэчы, якія бачыла ў знаёмых, затым удасканальвала сваё майстэрства з дапамогай спецыяльнай літаратуры. З цягам часу стала “выносіць” свае вырабы на суд гледача. Удзельнічала ў раённым конкурсе “Чароўная нітка”, дзе прадставіла вытанчаныя, прыгожыя карункі і сурвэткі. Заняла першае месца. Гэта натхніла на выкананне іншых цікавых рэчаў.
Апошнім часам Алена Мікалаеўна захапілася вышыўкай карцін, ікон, ручнікоў. Раённы Цэнтр рамёстваў супрацоўнічае з майстрыцай і бярэ яе творы на раённыя і абласныя выставы.
Першыя ўрокі вышыўкі і карункапляцення пераняла ад Алены Мікалаеўны яе дачка Ірына Груніна. Сваё майстэрства яна ўдасканальвала, калі займалася ў СШ № 1 і наведвала гурток, якім кіравала таленавітая мастачка Людміла Мікалаеўна Маяк. Пасля заканчэння школы Ірына вучылася ў Віцебскім тэхналагічным вучылішчы. Атрымала спецыяльнасць закройшчыцы верхняга адзення. Набытыя веды дапамагалі не толькі аздабляць рэчы карункамі і вышыўкай, а і шыць адзенне.
А ўжо пяць гадоў, як Ірына Груніна працуе ў Цэнтры рамёстваў майстрам-метадыстам па народнаму касцюму. Сваё майстэрства яна перадае дзяўчынкам, якія захапляюцца рукадзеллем: кіруе гуртком вышыўкі, які з задавальненнем наведваюць 10 дзяўчынак рознага ўзросту са школ раёна.
Творчыя работы Ірыны Сяргееўны былі прадстаўлены на кірмашы “Горад майстроў” на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, на свяце горада Міёры, на раённым свяце “Прыдзісненскія крыніцы”.
Кацярына СОСНА
