Аналіз стану законнасці і правапарадку ў раёне за 2011 год дазваляе зрабіць вывад аб тым, што ў выніку арганізацыйных і практычных мер, якія прымаюцца мясцовай уладай і праваахоўнымі органамі раёна, колькасць злачынстваў за дадзены адрэзак часу не павялічылася. Што зроблена, якія перспектывы ў рабоце па далейшаму зніжэнню ўзроўню злачыннасці? Аб гэтым гутарка з пракурорам раёна Д. А. СТАТКЕВІЧАМ.
— Дзмітрый Анатольевіч, давайце пачнём з найбольш небяспечных цяжкіх злачынстваў.
— На працягу 2011 года на тэрыторыі раёна іх зарэгістравана 18. Узровень, які вылічваецца на 10 тысяч насельніцтва, ніжэй сярэднеабласнога і рэспубліканскага паказчыкаў. Па лініі крымінальнага вышуку ўчынена 11 злачынстваў. У сваёй большасці яны звязаны з незаконнымі дзеяннямі ў адносінах агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. Са станоўчага боку адзначу, што не зарэгістравана забойстваў, згвалтаванняў, рабаванняў і хуліганстваў.
— А як вы ацэньваеце сітуацыю аб правапарушэннях непаўналетніх?
— Аналіз дадзеных паказвае, што з 2005 года назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да памяншэння колькасці злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Змяняецца і іх удзельная вага ў агульнай структуры злачыннасці. І ў той жа час гэта не можа з’яўляцца падставай для паслаблення актыўнасці ў прафілактыцы супрацьпраўных паводзін падлеткаў. Ніколі не трэба забываць, што толькі скаардынаванымі намаганнямі ўстаноў адукацыі, сацыяльна-педагагічнай службы, маладзёжных арганізацый, праваахоўных і іншых органаў можна дасягнуць станоўчых вынікаў у прафілактычнай рабоце з моладдзю. Упэўнены, што кожнае правапарушэнне непаўналетняга павінна разглядацца як надзвычайнае здарэнне.
— Не сакрэт, што большасць правапарушэнняў учыняецца асобамі ў нецвярозым стане. Раскажыце аб гэтым больш падрабязна.
— Як і раней, вострай праблемай у раёне застаецца алкагалізацыя насельніцтва. Асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, а многія з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі, учынены 32 злачынствы і 1003 правапарушэнні, з якіх 155 — на рабочых месцах. На жаль, у апошнія гады назіраецца негатыўная тэндэнцыя павелічэння колькасці дробных хуліганскіх выхадак, асабліва такое характэрна для гарадскога пасёлка, Германавіцкага і Валожынскага сельскіх Саветаў. Найбольшая колькасць асоб у нецвярозым стане на рабочых месцах выяўлена ў ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Даватарскі”, “Юдыцына”, райспажыўтаварыстве, УКП ЖКГ.
— І да чаго гэта прыводзіць?
— Па прычыне злоўжывання спіртнымі напіткамі ўчыняюцца злачынствы супраць жыцця і здароўя грамадзян (забойствы, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, пагрозы забойствам). П’яныя за рулём транспартных сродкаў — патэнцыяльныя злачынцы, бо гінуць самі ў дарожна-транспартных здарэннях і наносяць непапраўную шкоду жыццю і здароўю іншых людзей. На глебе злоўжывання спіртнымі напіткамі ўчыняюцца самагубствы, узнікаюць пажары і г. д. Дастаткова сказаць, што за апошнія пяць гадоў у раёне па вышэй указаных прычынах загінулі 198 чалавек.
— Якія вашы прапановы? Дзе выйсце з дадзенай сітуацыі?
— У мэтах прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, у тым ліку асобамі ў нецвярозым стане, РАУС, органам мясцовага кіравання і самакіравання, іншым суб’ектам прафілактыкі неабходна больш актыўна прымаць меры, накіраваныя на ізаляцыю алкаголікаў у лячэбна-працоўны прафілакторый, абмежаванне ў дзеяздольнасці. Прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 11, весці мэтанакіраваную работу па выяўленню асоб, якія схільныя да сямейна-бытавога насілля. У цэлым на сённяшні дзень лічу, што праводзімая работа па прафілактыцы п’янства і алкагалізму на тэрыторыі раёна недастатковая і не поўнасцю адпавядае склаўшайся сітуацыі.
— Дзмітрый Анатольевіч, якая роля ў справе барацьбы з негатыўнымі з’явамі адводзіцца пракуратуры?
— Пытанням каардынацыі дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў, у тым ліку і ўчыняемых непаўналетнімі, схільнымі да злоўжывання спіртнымі напіткамі і рэцэдыўных злачынстваў, з боку пракуратуры ўдзяляецца асаблівая ўвага. Дадзеныя праблемы летась неаднаразова разглядаліся на каардынацыйных нарадах па пытаннях барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй, на аператыўных нарадах пры пракуроры раёна з удзелам суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў. Па выніках праведзеных пракурорскіх праверак, устаноўленых фактах парушэнняў у рабоце па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў указаных катэгорый асоб, прымаліся меры пракурорскага рэагавання.
За 2011 год праведзена 38 праверак захавання заканадаўства, па іх выніках вынесена 20 прадстаўленняў, 13 прадпісанняў, 15 пратэстаў, аб’яўлены 62 афіцыйныя папярэджванні, па актах пракурорскага нагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 23 асобы, ад адміністрацыйнай — 14, да матэрыяльнай — 19 фізічных і 7 юрыдычных асоб. Як і раней асаблівую ўвагу ўдзяляем нагляду за захаваннем заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў зямельнага і прыродаахоўнага, барацьбе з карупцыяй, зваротах грамадзян.
— Даволі распаўсюджанай з’явай з’яўляюцца крадзяжы дзяржаўнай маёмасці. Што гэтаму садзейнічае?
— Учыненню такіх злачынстваў садзейнічаюць у першую чаргу неналежнае забеспячэнне захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў, нездавальняючая выканаўчая дысцыпліна. Такое характэрна для аб’ектаў аграпрамысловага комплексу, ПМК-68, прадпрыемстваў гандлю, колькасць крадзяжоў з якіх летась павялічылася ў параўнанні з 2010 годам. Адсюль і вывад, што неабходна актывізаваць работу па ахове захаванасці маёмасці, а кіраўнікам арганізаваць належны кантроль за работай падначаленых.
— Дзейнасць пракуратуры шматгранная. Аб усім не раскажаш…
— Падводзячы вынікі нашай размовы адзначу, што стан законнасці як у цэлым па раёне, так і ў асобных адміністрацыйна-тэрытарыльных адзінках, арганізацыях і прадпрыемствах павінен стаць адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці кіраўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, іх скаардынаванай работы па забеспячэнню няўхільнага выканання Законаў Рэспублікі Беларусь, Дэкрэтаў, Дырэктыў кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, эканоміі і беражлівасці, захаванасці маёмасці і дысцыпліны працы.
Гутарыў Эдуард КОРСАК
