
Па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама адбыўся семінар-вучоба для спецыялістаў, адказных за рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў працоўных калектывах раёна. У час сустрэчы спецыялісты па рабоце з моладдзю арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў абмяняліся вопытам, абмеркавалі многія арганізацыйныя пытанні і прадставілі электронныя прэзентацыі, у якіх адлюстравалі канкрэтную і сістэматычную работу з моладдзю ў сваіх калектывах за апошні год. Матэрыялы на конкурс падрыхтавалі прадстаўнікі 6 сельгаспрадпрыемстваў і 14 арганізацый раёна, у тым ліку ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Княж”. “Юдыцына”, “Даватарскі”, “Жвіранка”, КУВСП “Гарадзец”, а таксама аддзел культуры райвыканкама, ПМК-68, РАУС, Беларусбанк, Белаграпрамбанк, РАНС, ДБУ-26 і ЦРБ. Судзейская калегія пад кіраўніцтвам начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама І. А. Іванова адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі матэрыялаў на конкурс і назвала імёны пераможцаў. Лепшыя відэаслайдфільмы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі прадставілі Алена Курыловіч (Шаркаўшчынская ЦРБ) і Аксана Міронава разам з Людмілай Рагачэўскай (ААТ “Агратэхсэрвіс”) — у гэтых абаяльных жанчын заслужанае першае месца. На сярэбранай прыступцы п’едэстала замацаваліся Сяргей Буйка (ДБУ-26) і Алеся Пучынская (ААТ “Княж”). А замыкаюць тройку прызёраў Валерый Ліпскі і Яўген Чысцякоў — спецыялісты па рабоце з моладдзю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і КУВСП “Гарадзец”.
За перамогу ў раённым конкурсе відэаслайдфільмаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама ўручыў канкурсантам падзячныя лісты і грашовыя прэміі і выказаў словы падзякі за актыўную, сістэматызаваную і граматна спланаваную работу з моладдзю ў сваіх калектывах.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
