
18 красавіка давялося пабываць у ААТ “Ельня-Агра”. Мэта візіту — даведацца, як працуе тэхніка на пасяўной, а таксама яе гатоўнасць да найважнейшай сельскагаспадарчай кампаніі. На гэту тэму мы гутарым з галоўным інжынерам гаспадаркі П. П. ТОЛСЦІКАМ.
— Пётр Пятровіч, раскажыце наколькі тэхнічны парк ААТ “Ельня-Агра” падрыхтаваны да пасяўной?
— 13 красавіка ў гаспадарцы стартавала пасяўная кампанія. Да гэтага часу ўсе трактары, што маюцца — 20 адзінак, былі гатовы да работы. У першы дзень у поле выехалі два энерганасычаныя МТЗ-3022: адзін — з чызелем, другі — з плугам. МТЗ-1523 працаваў з сеялкай, МТЗ-1221 — з чызелем. Таксама падкормкай азімых займалася “Раса”. Распачаў працу К-700 з плугамі (трактар толькі выйшаў з капрамонту — устанавілі новы рухавік).
Таксама ў нас ёсць два аўтамабілі МАЗ-555142, ЗІЛ-130. Усе транспартныя сродкі спраўныя і гатовы да працы.
— Пасяўная — напружаны перыяд. Неабходна канцэнтрацыя ўсіх сіл.
— З-за тэхнікі прастояў не будзе. Галоўнае, каб надвор’е дазваляла працаваць. Пазаўчора падрыхтавалі 80 гектараў глебы пад сяўбу, учора прайшоў вялікі дождж. І вось сёння дырэктар разам з аграномам аглядаюць палі. Механізатары чакаюць, калі будзе дадзена каманда прыступіць да работы.
— А як наконт абслугоўвання тэхнікі?
— Праводзім планавае і аператыўнае абслугоўванне. Учора зрабілі тэхабслугоўванне МТЗ-3022 у Верхнядзвінску — замянілі фільтры, масла ў рухавіку і трансмісіі. Калі здараецца паломка ў полі — гатовы выехаць і ліквідаваць. Больш сур’ёзны рамонт робім у майстэрні.
— Пётр Пятровіч, а як забяспечаны запаснымі часткамі?
— Ствараем запас, каб асноўныя запасныя часткі былі “пад рукой”. Закупляемся на базах у Полацку, “Заходнедзвінскім міжрайаграсэрвісе” у Віцебску, у Верхнядзвінскім райагратэхсэрвісе. Хачу адзначыць, што многае неабходнае набываем у магазіне “Гут-Аўта” у Радзюках.
— І самае галоўнае ў любой справе — кадравае пытанне. Раскажыце, з кім працуеце?
— Вельмі дапамагае вырашаць розныя пытанні намеснік дырэктара Алег Вячаслававіч Ліпскі. У нас працуюць людзі з залатымі рукамі — каваль Аляксандр Іванавіч Малыш і токар Юрый Іванавіч Язёнак. Гэтым спецыялістам любая справа па плячы. Дапамагае Алег Слівяцкі — студэнт Лепельскага каледжа, які ў нас праходзіць практыку. Канечне, важная роля ў справе падтрымання тэхнікі ў спраўным стане належыць вопытным механізатарам, чый працоўны стаж складае 20—25 гадоў. А гэта Іван Іванавіч Шышковіч, Васілій Казіміравіч Красоўскі, Аляксандр Мікалаевіч Мацкевіч, Андрэй Іосіфавіч Удобкін.
— Дзякуй за размову. І каб паменш было непрадбачаных сітуацый у полі.
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА.
