26 гадоў назад адбылася адна з самых страшных тэхнагенных катастроф — аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

Актуальное

Агульны выгляд станцыі пасля аварыі

26 красавіка 1986 года адбылася адна з найбольш небяспечных тэхнагенных катастроф — узарваўся чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая размешчана на тэрыторыі Украінскай ССР (цяпер — Украіна). Разрушэнне насіла ўзрыўны характар, рэактар быў поўнасцю разбураны, а ў навакольнае асяроддзе трапіла вялікая колькасць радыёактыўных рэчываў. Аварыя расцэньваецца як буйнейшая за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі, як па мяркуемай колькасці загінуўшых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і па эканамічных стратах.

У першыя гадзіны пасля аварыі абсалютная большасць абслугоўваемага персаналу не ўсведамляла маштабаў і небяспечнасці таго, што здарылася. У спешцы прымаліся далёка не самыя правільныя рашэнні, а работы выконваліся ў зонах з высокім узроўнем радыяцыі. Тым не менш, удалося папярэдзіць больш сур’ёзныя наступствы, хаця многія супрацоўнікі станцыі атрымалі несумяшчальныя з жыццём дозы апраменьвання.

Аператыўна прыступілі да ліквідацыі ўзгаранняў пажарныя каравулы, іх калегі з Кіева і блізляжачых абласцей — усяго 69 чалавек асабовага саставу і 14 адзінак тэхнікі. Аднак са сродкаў аховы ў пажарных былі толькі брызентавыя робы, рукавіцы, каскі. Усё гэта прывяло да таго, што прыкладна праз гадзіну пасля аварыі з’явіліся першыя паражоныя сярод выратавальнікаў. Праяўляліся слабасць, ірвота, “ядзерны загар”. Дапамогу аказвалі на месцы ў медпункце станцыі, пасля чаго перапраўлялі ў гарадскую бальніцу г. Прыпяць. А 27 красавіка першую групу пацярпелых з 28 чалавек самалётам адправілі ў радыёлагічную бальніцу Масквы. Цяпер яшчэ некалькі лічбаў. На працягу першых трох месяцаў памерлі больш за 30 спецыялістаў абслугоўваючага персаналу і выратавальнікаў. Аддаленыя вынікі апраменьвання, выяўленыя на працягу наступных 15 гадоў, сталі прычынай смерці ад 60 да 80 чалавек, 134 перанеслі прамянёвую хваробу той ці іншай ступені цяжкасці, больш за 115 тысяч былі эвакуіраваны з 30-кіламетровай зоны.

Для ліквідацыі наступстваў аварыі былі мабілізаваны значныя людскія рэсурсы. У гэтай неабходнай, але вельмі небяспечнай справе было задзейнічана больш за 600 тысяч чалавек. Пасільны ўклад у агульную справу ўнеслі і супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАУС. Як паведаміў рэдакцыі старшыня ветэранскай арганізацыі райаддзела П. І. Баравік, у самым пачатку мая на ахову аб’ектаў, якія знаходзіліся ў 30-кіламетровай зоне, былі накіраваны ў складзе зводнага абласнога атрада Расціслаў Георгіевіч Качан і Барыс Аркадзьевіч Альшэўскі. У другой змене, ужо восенню, у небяспечнай зоне працаваў Анатоль Віктаравіч Праннік. Потым у заражонай радыёнуклідамі зоне неслі службу Іван Зянонавіч Ананіч, Аляксандр Аляксандравіч Александровіч, Леанід Генрыхавіч Сіповіч, Часлаў Васільевіч Пугаўка, Валерый Апалінар’евіч Малыш, Леанід Іванавіч Петручэня, Мікалай Валянцінавіч Мядзюха. Кожны з шаркаўчан, якім была даверана ахова аб’ектаў і папярэджванне рознага віду злачынстваў, праявіў у той час на заражонай зоне стойкасць і вытрымку, палітычную свядомасць і чалавечнасць. Інакш і быць не магло, бо супрацоўнікі нашага РАУС добра ўсведамлялі тую адказнасць, якая была на іх ускладзена. І ўсё гэта, нягледзячы на значную рызыку самім атрымаць апраменьванне розных ступеняў цяжкасці. Дзякуй вам за вашу мужнасць у імя здароўя мірных жыхароў роднай Беларусі.

Тут можна яшчэ адзначыць, што хмара, якая ўтварылася ад пылаючага рэактара, разнесла радыеактыўныя матэрыялы на вялікіх плошчах Еўропы. Найбольшыя выпадзенні такіх “ападкаў” зарэгістраваны на значных тэрыторыях Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Украіны.

Чвэрць стагоддзя мінула з той пары. Нягледзячы на небяспечнасць і вялікія перыяды паўраспаду радыеактыўных рэчываў, сітуацыя змяняецца да лепшага. Яна заўсёды знаходзіцца пад кантролем адпаведных службаў, якія і даюць неабходныя заключэнні стану здароўя выратавальнікаў і тых, хто дапамагаў ахоўваць спакой у небяспечнай зоне, па магчымасці ўводзяцца ў севазвароты пакінутыя раней зямельныя ўгоддзі, на якіх сёння можна атрымліваць, пры захаванні ўсіх агратэхнічных патрабаванняў, годную для ўжывання прадукцыю палёў і ферм.

Як мы дамовіліся з Пятром Іванавічам Баравіком, сёння не варта віншаваць удзельнікаў-ліквідатараў з нейкай датай. Проста гэта нагода пажадаць ім моцнага здароўя на доўгія гады і, каб такое ніколі не паўтарылася на нашай такой роднай і непараўнальна прыгожай беларускай зямлі.

Эдуард КОРСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *