Юбілей напярэдадні Дня Перамогі адзначыла былая настаўніца матэматыкі Галіна Антонаўна Мяцеліца.

Актуальное

Існуе меркаванне, што лёс чалавека вызначаюць людзі, якія сустракаюцца на яго жыццёвым шляху. Да іх ліку, без сумнення , можна аднесці і настаўнікаў, чые ўрокі немагчыма змясціць у рамкі звычайнай школьнай праграмы.

Сёння, 8 мая шчырыя словы віншаванняў і ўдзячнасці за сваю працу ад  многіх пакаленняў вучняў будзе прымаць былая настаўніца Лужкаўскай сярэдняй школы Галіна Антонаўна Мяцеліца, якая напярэдадні светлага дня Перамогі адзначае свой 80-гадовы юбілей. На працягу 33 гадоў гераіня гэтага матэрыялу выкладала матэматыку ў названай навучальнай установе і зараз, будучы ўжо на заслужаным адпачынку, з асаблівай цеплынёй і пачуццём гонару расказвае пра многіх сваіх  вучняў. Сярод іх старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мечыслаў Віктаравіч Морхат, кандыдат матэматычных навук Мінскага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Валянціна Аляксееўна Буцько, настаўнікі матэматыкі Лужкаўскай СШ Вячаслаў Альфрэдавіч Ластаўка і Зоя Міхайлаўна Крыўка, настаўніцы матэматыкі Ларыса Уладзіміраўна Селязнёва (Стральцоўская БШ), Валянціна Мікалаеўна Андзілеўка (Шкунцікаўскай БШ), настаўніца адной са школ Докшыцкага раёна Ія Іванаўна Протас, многія іншыя вучні , якія сталі паспяховымі і паважанымі ў сваёй прафесіі людзьмі. Многія з тых, каго вучыла Галіна Антонаўна, звязалі сваё жыццё з “каралевай навук – матэматыкай”, і гэта былой настаўніцы асабліва прыемна. У Лужкаўскай сярэдняй школе прайшлі гады вучобы і працы жанчыны, і сёння гэта навучальная установа з’яўляецца неад’емнай часткай яе жыцця. Калі дазваляе стан здароўя, Галіна Антонаўна з задавальненнем наведвае школьныя святы і ўрачыстасці, з асаблівым хваляваннем прыходзіць на вечары сустрэчы з выпускнікамі, каб убачыць сваіх ужо дарослых вучняў, парадавацца за іх. У 1974 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР гераіні гэтага матэрыялу прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка. Таму і не дзіўна, што ў дзень юбілею з розных куточкаў свету ад удзячных вучняў гэта настаўніца атрымае шмат віншаванняў, за дабрыню, цярплівасць і уважлівыя адносіны да кожнага. Усяму лепшаму Галіна Антонаўна вучыла і сваіх двух дачок, унучак і ўнука, якія таксама абавязкова прыедуць павіншаваць юбілярку са святам.

Вольга СТАШЭЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *