
Сельгаспрадпрыемства “Агратэхсэрвіс” — адно з валаўтвараючых гаспадарак раёна, якое аб’яднала пад адной назвай чатыры былыя калгасы — “Наваселле”, “Маяк”, “Вялікае Сяло”, “Светлы шлях”. У свой час кожны з іх быў своеасаблівым лідарам па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Так што і цяпер іншага выйсця няма, як даказваць сваю хлебаробскую вартасць, паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. У мінулым годзе на Дні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці кіраўніцтва раёна годна ацаніла зробленае, узнагародзіўшы Ганаровымі граматамі і прэміямі. А на сёлетні год азначаны новыя, больш высокія рубяжы. Дасягнуць іх — справа гонару ўсяго калектыву, які не так даўно ўзначаліў А. Л. Варона.

Па аб’ектыўных прычынах сяўба ў гаспадарцы, як і ў цэлым па рэспубліцы, распачалася крыху пазней. Аднак выканаць асноўныя аб’ёмы работ у звыклыя агратэхнічныя тэрміны з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў ёсць усе падставы. Як жа арганізаваны вытворчы працэс на пасяўной-2012? Адказ на гэтае пытанне ў дадзеным матэрыяле, які падрыхтаваны пасля наведвання палеткаў усіх аддзяленняў, дзе актыўна вядуцца веснавыя палявыя работы. А ў своеасаблівым рэйдзе, акрамя журналістаў, самы непасрэдны ўдзел прынялі вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. Б. Аляхновіч і намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце С. І. Чапроўскі.


Ацаніць зробленае
Сацыялістычнае спаборніцтва, працоўнае саперніцтва… Рознымі словамі ў розны час называлі тое, што называецца падвядзеннем вынікаў зробленаму. Аксіома даволі простая і не намі прыдуманая: больш зрабіў — больш заробіш, а перадавіку — гонар і пашана. Менавіта на такой аснове і грунтуецца ў “Агратэхсэрвісе” аператыўнае падвядзенне зробленаму за дзень, тыдзень. Вясной вельмі важна падводзіць вынікі паэтапна, бо занадта сціслыя тэрміны і часу на раскачку няма. Дырэкцыя і прафсаюзная арганізацыя гаспадаркі своечасова распрацавала і зацвердзіла ўмовы спаборніцтва па відах работ, сістэму прэміравання, давяла іх да ўсіх задзейнічаных на асноўных відах работ. Заняў першае месца — грамата і прэмія ў 400—500 тысяч рублёў. Важна і тое, што прадугледжана прамежкавае падвядзенне вынікаў зробленаму, у час якога ўручаюцца пераходныя вымпелы і грашовыя прэміі ў 50 тысяч рублёў.

Аддзяленне Навасельцы, урочышча Нізіна, поле ў 158 гектараў. Глеба паспела, работы вядуцца шырокім фронтам. Задзейнічаны культыватары, раскідвальнікі мінеральных удабрэнняў, пасяўныя агрэгаты. Практыка работы на ўказаным палетку такая: ноччу падрыхтавалі глебу, днём пасеялі рапс. На час наведвання тут шчыравалі Сяргей Балай, Валерый Фёдараў, Мікалай Рачыцкі, Андрэй Рачыцкі, Сяргей Пальчэх, Іван Мацяс, Вячаслаў Рубашка, Дзмітрый Ясюкевіч. Усяго, як паведаміў начальнік аддзялення Наваселле—Ручай М. Б. Кавалёнак, пасеяна каля 800 гектараў кукурузы, рапсу, яравой пшаніцы, зернебабовых. У бліжэйшы час асноўную ўвагу тут удзялялі сяўбе кукурузы, бо на жывёлагадоўчым комплексе Ручай сканцэнтравана асноўная колькасць буйной рагатай жывёлы, якую неабходна накарміць паўнацэннымі кармамі для атрымання высокіх прываг і надояў.

І вось на палетак прыбыла аўтамашына з абедам. Механізатары, нібы па камандзе, падцягнуліся на сваіх агрэгатах у вызначанае месца, каб, плённа папрацаваўшы з самай раніцы, смачна паабедаць стравамі, якія прыгатаваны ў сталовай аграгарадка Наваселле яе загадчыцай Святланай Даргель і памочніцай Аннай Астаповіч.
Не з пустымі рукамі прыехаў на палетак намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргей Іванавіч Чапроўскі. Дастаў з аўтамашыны чырвоныя вымпелы, канверты і… гармонік. У прысутнасці ўсіх аб’явіў вынікі спаборніцтваў, уручыў вымпелы і грашовыя прэміі Мікалаю Рачыцкаму (унясенне мінаральных удабрэнняў), Сяргею Пальчэху (падрыхтоўка глебы), маладому механізатару Валерыю Фёдараву (сяўба зерневых). А потым расцягнуў мяхі гармоніка і заспяваў песню (словы і музыка мясцовых аўтараў), у якой услаўлялася нялёгкая праца хлебаробаў, выказвалася ўпэўненасць у атрыманні важкага ўраджаю збажыны. Далёка над палеткам разнеслася музычнае віншаванне, якое механізатары сустрэлі дружнымі апладысментамі, а потым з задавальненнем прыступілі да прыёму ежы. Здаровы апетыт, добры настрой, нацэленасць на паспяховае завяршэнне пасяўной — вось галоўнае, чым сёння жыве гэты калектыў у цэлым, і кожны працаўнік па-асобку.
Прыемнага апетыту
Паўнацэннае харчаванне — неад’емная частка поспеху ў час любой сельскагаспадарчай кампаніі, у тым ліку і на пасяўной, калі за вельмі абмежаваны прамежак часу неабходна выканаць вялікія аб’ёмы работ. Згодна з рэкамендацыямі і патрабаваннямі работы на палетках, улічваючы сцісласць тэрмінаў, вядуцца практычна круглыя суткі. Другога не дадзена. Таму абеды, падвячоркі, сухі паёк — справа работнікаў сталовых. Іх у гаспадарцы дзве. У Навасельцах, як адзначалася вышэй, працуюць Святлана Даргель і Аня Астаповіч, у Вялікім Сяле — Людміла Хаданёнак і Анжэла Забела. Рэжым пунктаў харчавання таксама напружаны. Іх работнікі папярэдне вызначаюць у начальнікаў аддзяленняў колькасць людзей, якія будуць харчавацца, маршрут руху тэхнікі. Улічваюцца таксама пажаданні механізатараў, складаюцца меню. Дзесьці да 12 гадзін паўнацэнныя абеды ў тэрмасах і з адпаведным наборам посуду загружаюцца ў спецыяльна выдзелены аўтамабіль, аналагічна і каля 17 гадзін вечара. А яшчэ пазней — новы маршрут да тых, хто працуе ноччу. Нараканняў на арганізацыю харчавання, як адзначыў С. І. Чапроўскі, ад механізатараў не паступала. Так будзе і надалей.
Думкі спецыялістаў
Аграном аддзялення Вялікае Сяло Аляксандр Пугаўка:
— Хаця вясна атрымалася крыху зацяжной, першыя дні мая выдаліся даволі цёплыя, і глеба практычна на ўсіх участках падсохла. Цяпер мы на палетку пад умоўнай назвай 78, па займаемай плошчы. Асноўныя работы тут выконваюць Дзмітрый Мацкевіч, Алег Рабіза, Канстанцін Вязіцкі.
Аб’ём веснавой сяўбы на ўчастку не надта вялікі, таму ўкладваемся ў вызначаныя агратэхнічныя тэрміны. Своечасова пасеем і зерневыя, і кукурузу, апошняя, дарэчы, займае 220 гектараў, управімся і з караняплодамі.
Начальнік аддзялення Светлы шлях Аляксандр Васілевіч:
— Сёлета аб’ём веснавых работ даволі вялікі — трэба засеяць рознымі культурамі 1540 гектараў. Па стану на 4-е мая ёсць толькі 250. Але меры па паскарэнню тэмпаў прымаюцца. Нацэльваюцца і кадры. Прыклад у працы на палетках паказваюць Вячаслаў Шышко, Аляксандр Пляхтан, Леанід Усаў, Рыгор Шкунцік, Анатоль Грыгаровіч, Дзмітрый Сямёнаў, дапамагаюць шэфы з ДРБУ-131. Як толькі з’явілася магчымасць — працуем кругласутачна, нават і сеяльшчыкі працуюць па такому варыянту.
Азімыя, якія займаюць амаль 500 гектараў, выйшлі з зімоўкі ў добрым стане, падкормлены і апрацаваны гербіцыдамі. Так што на ўраджай не толькі разлічваем, але і працуем на яго.
Галоўны аграном ААТ “Агратэхсэрвіс” Юрый Паперадзень:
— На 2012 год перад сельгаспрадпрыемствам пастаўлены вялікія задачы. Па зерневых яны наступныя: яравыя — 45, азімыя — 55 ц/га. Многае ўжо для гэтага зроблена. Азімыя радуюць, іх падкармілі і ўнеслі неабходныя хімікаты, праводзім другую падкормку.
З сяўбой яравых па аб’ектыўных прычынах крыху запазніліся. Аднак дзейнічаем згодна з рабочымі планамі і высяваем культуры па падабраных лепшых папярэдніках. У залежнасці ад іх і выбіраем схему апрацоўкі глебы. Штодзённа на палетках гаспадаркі да 25 адзінак тэхнікі з адпаведнымі прычапнымі ці навяснымі агрэгатамі. Найбольш клопатаў дастаўляе падрыхтоўка тэхнікі. Не заўсёды вытрымліваюць “Кіраўцы”, аднак і тут стараемся выходзіць з няпростых сітуацый. Механізатары добра ўсведамляюць адказнасць і важнасць кожнага працоўнага дня і прэтэнзій да іх кругласутачнай работы няма.
АД РЭДАКЦЫІ: безумоўна, у час наведвання гаспадаркі не ўсё ішло гладка, не паўсюдна і якасць падрыхтоўкі глебы была на 100 працэнтаў. Такое жыццё, але радуе, што і спецыялісты, і механізатары прыкладваюць максімум намаганняў для выканання пастаўленых задач.
Эдуард КОРСАК.
