Більдзюжскі сельсавет: у вёсках павінен быць парадак.

Актуальное

Вясна — сезон, калі добраўпарадкаванню надаецца вялікая ўвага. Пасля зімы патрэбна навесці парадак ва ўсіх населеных пунктах. Гэтай справе шмат увагі ўдзяляецца ў Більдзюжскім сельскім Савеце. Яго старшыня Наталля Уладзіміраўна ДРАБОВІЧ штодзень займаецца справай навядзення парадку.

—    Добраўпарадкаванне для вас — гэта…

—    Пастаянны клопат. Асабліва актуальна гэта тэма пачынаючы з красавіка, калі сыходзіць снег і перад вачамі адкрываюцца не надта прыгожыя “пейзажы”. Хочацца адзначыць, што як толькі крыху падсохла і выглянула красавіцкае сонейка, на тэрыторыі сельскага Савета распачалася актыўная работа па добраўпарадкаванні. Першымі за справу ўзяліся супрацоўнікі аб’ектаў сацыяльнай сферы — школы, дзіцячага сада, паштовага аддзялення, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, СДК, ФАПа. Пасля іх пачынанні падтрымалі і гаспадары прыватных дамоў: прыбралі смецце, пабялілі дрэвы, разбілі кветнікі, падрамантавалі і пафарбавалі агароджы.

—    Раскажыце, што запланавана на гэты год па добраўпарадкаванні?

—    Асноўны аб’ект на бягучы год — гэта аграгарадок Більдзюгі. На справу навядзення парадку выдзелены грошы. Вядзецца замена агароджы на цэнтральных вуліцах. Таксама будзем актыўна наводзіць парадак на могілках у Забор’і і Барсучыне. Ёсць задума зрабіць узгаданыя могілкі падобнымі, як у Вішняўцы — ініцыятыва добраўпарадкавання аб’екта належыла старшыні райвыканкама М. В. Морхату.

—    Наталля Уладзіміраўна, а як адносяцца жыхары сельсавета да добраўпарадкавання?

—    У большасці — станоўча. Людзі разумеюць, што трэба наводзіць парадак у сваёй вёсцы, што кожны павінен уносіць пасільны ўклад. На жаль, ёсць такія гаспадары, што не жадаюць займацца ўласным домам і падворкам.

—    А як наконт навядзення парадку ў невялічкіх, аддаленных вёсках?

—    Асноўная праблема ў аддаленых вёсках — гэта кінутыя дамы. У іх ёсць гаспадары — найчасцей, гэта дзеці, чые бацькі раней жылі ў вёсцы. Але справай добраўпарадкавання яны займаюцца неахвотна.

Радуе той факт, што некаторыя пажылыя людзі падтрымліваюць каля сваіх дамоў, а таксама, на ўчастках належны парадак. Іх двары становяцца прыкладам для больш маладых суседзяў.

—    Наталля Уладзіміраўна, ёсць надзея, што Більдзюжскі сельскі Савет будзе прыкладам па добраўпарадкаванні для іншых тэрытарыяльных адзінак.

—    Мы зробім усё магчымае, каб упрыгожыць Більдзюгі, будзем займацца добраўпарадкаваннем кожнай вёскі. Прыемна чуць, калі пра Більдзюгі станоўча выказваюццца госці аграгарадка, калі яны кажуць, што наш населены пункт утульны і прыгожы. Ды і гаспадарам прыемна жыць у сучасным і добраўпарадкаваным аграгарадку.

—    Дзякуй за размову.

Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *