Жніво працягвае вылучаць сваіх герояў. Тых, хто ад світанку да змяркання добрасумленна шчыруе на хлебнай ніве дзеля таго, каб не страціць ніводнага зярнятка сёлетняга ўраджаю.
Каб павіншаваць лідараў жніва, наш раён наведала старшыня цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Альшэўскай яны пабывалі ў сельгасарганізацыях, работнікі якіх дабіліся значных поспехаў на ўборачнай-2018. У прыватнасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына”, камбайнер якога Андрэй Пасны, на камбайне КЗС-1218 убраў 483 га, намалаціў 845 тон зерня, у ААТ “Агратэхсэрвіс”, камбайнер якога Дзмітрый Ясюкевіч на камбайне КЗС-1218 убраў 303 га, намалаціў 693 тоны зерня. На адвозцы зерня лепшым вадзіцелем стаў Валянцін Ясюкевіч з ААТ “Агратэхсервіс”, які перавез на аўтамабілі МАЗ-55142 ад камбайнаў 920 тон зерня. У ліку перадавікоў таксама працаўнікі КУВСП імя Маркава — Мікалай Протас на аўтамабілі МАЗ-555 перавез 843 тоны зерня. Сярод маладых вадзіцелей — Вадзім Странчэўскі. На трактары МТЗ-82 ён перавез 912 тон зерня. Гэтым працаўнікам былі ўручаны заслужаныя каштоўныя падарункі.
Пасля ўдзельнікі ўборачнай кампаніі занялі свае месцы за штурваламі камбайнаў, у аўтамабілях і прадоўжылі сваю нялегкую высакародную працу.
Што ні кажы — багата шаркаўшчынская зямля працавітымі, таленавітымі, надзейнымі людзьмі!
Алена АНАНІЧ.