3 верасня свой 90-гадовы юбілей адзначыў старэйшы жыхар аграгарадка Радзюкі Іван Іванавіч Лазовік. З жонкай Зофіяй Аніцэтаўнай, з якой яшчэ да вайны вучыліся ў адным класе і жылі непадалёку адзін ад аднаго, пражылі разам 62 гады,пабудавалі свой дом у Радзюках, вырасцілі і выхавалі дваіх дзяцей, дапамагалі расціць і унукаў. І сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост, Іван Іванавіч з катэгорыі менавіта тых людзей, хто глядзіць на жыццё з аптымізмам, умее бачыць яго ў розных фарбах і цаніць кожнае імгненне, хоць само гэта жыццё лёгкім зусім не было, як і ў большасці прадстаўнікоў даваеннага пакалення.
Іван Іванавіч нарадзіўся на хутары Казякі,што знаходзіўся непадалёку ад тэрыторыі сучаснага аграгарадка “Радзюкі”. Падчас змены розных улад на тэрыторыі нашай мясцовасці закончыў 5 класаў школы. У сям’і было двое дзяцей і вялікі ўчастак зямлі, на якой даводзілася шмат працаваць. Пасля вайны, падчас чарговага этапа калектывізацыі, усю зямлю забралі ў фонд саўгаса і людзі, якія шмат гадоў адпрацавалі на сваёй зямлі, вучыліся выжываць у новых умовах.
Спачатку быў грузчыкам на заводзе, потым у саўгас Шаркаўшчынскі ўладкаваўся будаўніком, а большую частку жыцця адпрацаваў у арганізацыі, якая ажыццяўляла меліярацыйныя работы на тэрыторыі раёна. Сам жа Іван Іванавіч, які і сёння не сядзіць без справы, на ўсіх участках, дзе працаваў, заўсёды свае абавязкі выконваў сумленна і якасна, і быў у ліку лепшых працаўнікоў. У КУВСП імя Маркава, успамінае дачка юбіляра Альдона Іванаўна Корсак, тату вельмі цанілі як выдатнага шкляра і ўмелага будаўніка. Да Івана Іванавіча часта звярталіся і аднавяскоўцы. Ён заўсёды ўсім дапамагаў, нікому не адмовіў і работы цяжкай не баяўся.
Іван Іванавіч і Зофія Аніцэтаўна Лазовікі ўсё жыццё пражылі і адпрацавалі на сваёй малой радзіме. Не прывыклі сядзець дома склаўшы рукі, тым больш, што работа па гаспадарцы ў вёсцы заўсёды знойдзецца. У больш маладым узросце трымалі пчол, кароў, свіней, авец, вялікі ўчастак зямлі. Зараз у гаспадароў яшчэ засталіся куры і невялікі агарод.
-Увагай і клопатам мы не абдзелены,-расказаў пра сваю сям’ю гаспадар. З гарадскога пасёлка часта прыязджае дачка Альдона Іванаўна,якая шмат гадоў адпрацавала настаўніцай у Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1.
Іван Іванавіч і Зофія Аніцэтаўна дапамаглі выхаваць дзецям чатырох унукаў, усе атрымалі вышэйшую адукацыю і знайшлі сваё месца ў жыцці. Зараз у Лазовікаў ужо чацвёра праўнукаў: старэйшай праўнучцы Дар’і 10 год, Кірылу – 6, Марку – 2 гады, а маленькай Еве яшчэ няма і года.
На 90-гадовы юбілей да Івана Іванавіча ў выхадныя збіраюцца прыехаць усе родныя, каб павіншаваць роднага чалавека з адметнай і прыгожай датай у жыцці. Тым больш, што і Зофія Аніцэтаўна ў першы дзень восені адзначыла свой дзень нараджэння. Муж і жонка Лазовікі разам 62 гады. Дзялілі разам і гора і радасці.І свае дні нараджэння (розніца паміж якімі два дні) муж і жонка адсвяткуюць разам, побач з самымі роднымі людзьмі. Напэўна, у гэтым і заключаецца шчасце – праз усё жыццё, нягледзячы на выпрабаванні, пранесці лепшыя свае якасці. Заслужыць павагу аднавяскоўцаў. Ведаць, што да тваіх парад абавязкова прыслухаюцца маладыя – тыя, каму выпала жыць значна пазней, і хто, абапіраючыся на парады старэйшых, зможа пазбегнуць многіх памылак.
Віншуем Івана Іванавіча з юбілеем, а Зофію Аніцэтаўну з днём нараджэння.
Здароўя моцнага, дзён радасных і няхай тое цяпло і клопат, якое яны на працягу доўгіх гадоў дарылі сваім дзецям,ўнукам, а цяпер і праўнукам, абавязкова вернецца ад усіх родных.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
