Маладыя бібліятэкары Анастасія Андрэева і Алена Кобелева — незаменімыя спецыялісты ў калектыве Шаркаўшчынскай ЦБС
Сучасны свет мяняецца вельмі хутка і дыктуе свае правілы, у тым ліку і для такіх устаноў, як бібліятэкі. Сёння бібліятэчныя работнікі імкнуцца перабудаваць сваю працу: укараняюць новыя тэхналогіі, падключаюцца да электронных бібліятэчных сістэм, прапануюць сваім чытачам пазнавальныя мерапрыемствы і цікавыя тэматычныя праекты, арганізуюць дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах і, увогуле, больш арыентуюцца на запатрабаванні сваіх наведвальнікаў. Матэрыяльных сродкаў на поўнае пераўтварэнне, на жаль, пакуль не хапае, але работа ў гэтым напрамку актыўна праводзіцца. І асабліва цэніцца ініцыятыва маладых супрацоўнікаў. Нягледзячы на невялікія заробкі моладзь прыходзіць на працу і ў бібліятэкі нашага гарадскога пасёлка, а ў ліку лепшых сваіх супрацоўнікаў дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС Алена Цімафееўна Фромертас назвала Анастасію Андрэеву — бібліятэкара аддзела бібліятэчнага маркетынгу і Алену Кобелеву — бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі.
Анастасія Андрэева родам з аграгарадка Зорка, у раённую бібліятэку ўладкавалася працаваць тры гады назад. Пасля заканчэння вучобы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава атрымала спецыяльнасць “музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. Пра сваю прафесійную дзейнасць маладая жанчына расказала наступнае:
— У бібліятэку прыйшла на працу з задавальненнем, бо вельмі люблю чытаць і працаваць з людзьмі. А сама бібліятэка, на маю думку, — гэта ўнікальная ўстанова. Яна дапамагае павышаць прафесіяналізм, развіваць інтэлект, расшыраць кругагляд, духоўна ўзбагачацца і знаходзіць адказы на многія пытанні. Дзейнасць бібліятэкара — гэта не сумная праца чалавека сярод запыленых паліц з класічнай літаратурай, незаўважальная многімі. Хачу адзначыць, што побач са мной працуюць цудоўныя, актыўныя, разумныя жанчыны, якія валодаюць неабходнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і імкнуцца ўдасканаліць веды ў гэтым накірунку. З задавальненнем дапамагаю ім у гэтай справе. А яшчэ мая работа заключаецца ў выкарыстанні Інтэрнэт-прасторы для папулярызацыі кніг і папулярызацыі чытання сярод насельніцтва, стварэнні станоўчага іміджу бібліятэк у жыхароў нашага раёна. Курырую работу сельскіх бібліятэк, выязджаю ў вёскі і аграгарадкі для аказання кансультацыйнай дапамогі сваім калегам у розных накірунках іх прафесійнай дзейнасці.
І сама Анастасія Андрэева ўсяго за некалькі год сваёй працы стала для сваіх калег незамянімым чалавекам. Яна стварае прэзентацыі для вялікай колькасці мерапрыемстваў, што праводзяцца ў раённай бібліятэцы, актыўна займаецца краязнаўчай работай і знаходзіць цікавыя матэрыялы для тэматычных выстаў. А яшчэ з’яўляецца спецыялістам па рабоце з моладдзю ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Паспяхова рэалізаваць свае прафесійныя здольнасці на практыцы цікавая работа дапамагае і маладому спецыялісту Алене Кобелевай — бібліятэкару аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі. У штаце Шаркаўшчынскай ЦБС дзяўчына працуе на працягу 2 гадоў. Яна закончыла факультэт інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і з камп’ютарам ужо даўно на “ты”. Алена з ліку тых супрацоўнікаў, хто ў бібліятэцы захоўвае і распаўсюджвае веды, упарадкоўвае інфармацыю і стварае новыя, крэатыўныя і тэхналагічныя спосабы доступу да яе.
На ўсіх мерапрыемствах у раённай бібліятэцы Алена — вядучая. Яна ажыццяўляе работу з людзьмі ў чытальнай зале і ў вызначаныя дні працуе з чытачамі бібліятэчнага пункта пры цэнтральнай раённай бальніцы. Як і Анастасія, стварае шмат прэзентацый, займаецца распрацоўкай і афармленнем нагляднай прадукцыі і буклетаў. Разам са сваімі калегамі ўдзельнічае ў праекце “Глядзець на свет неабыякавымі вачыма”, які реалізуецца ў нашым раёне на працягу 5 гадоў і накіраваны на сацыяльную адаптацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі, праводзіць мерапрыемствы для інвалідаў.
—Чым больш я працую, тым больш упэўніваюся ў тым, што добры бібліятэкар не проста імкнецца да ведаў, але яшчэ і спрабуе сістэматызаваць і захаваць інфармацыю такім чынам, каб яна стала даступнай як мага большай колькасці людзей. А інфармацыйныя тэхналогіі займаюць значнае месца ў рабоце бібліятэчных устаноў.
Алена, нягледзячы на яе малады ўзрост і невялікі яшчэ вопыт работы — неабходны спецыяліст у калектыве бібліятэкараў раёна, якія сёння, 15 верасня, адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень бібліятэк.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.