У інтэрнэт-прасторы з’явіўся сайт “санктуарыя” святога Юстына — парафіі святой Ганны ў Мосары па адрасе http://mosar.vickyblog.com. На галоўнай старонцы ў рубрыцы “Пра парафію”, можна даведацца аб жыцці і гісторыі святыні, пра яго фундатараў — графскі род Бжастоўскіх, рэліквіях святога Юстына і святарах, якія служылі ў парафіі.
У рубрыцы “Душпастырская дзейнасць” можна даведацца пра парафіяльную раду, літургічную службу, парафіяльны хор, колы “Жывога Ружанца” і душпастырскіх ініцыятывах у парафіі.
У раздзеле “Катэхеза” пададзена інфармацыя пра падрыхтоўку да сакрамэнту сужэнства, змешчаны асноўныя малітвы на беларускай і лацінскай мовах, а таксама літанія да святога Юстына-мучаніка.
На “Дошцы аб’яваў” можна даведацца пра расклад набажэнстваў, прыбіранне святыні, а для пілігрымаў ёсць памятка і інфармацыя пра наведванне святыні і ўшанаванне святых рэліквій мучаніка Юстына.
У рубрыцы “Анонсы і навіны” наведвальнікі сайта знойдуць інфармацыю пра анонсы, апошнія навіны парафіі, артыкулы, разважанні, віншаванні і падзякі.
У бліжэйшы час будзе зроблена “Скрыня малітваў”, каб наведвальнікі маглі дасылаць свае інтэнцыі, ў якіх будзем маліцца перад рэліквіямі святога Юстына, а таксама аб цвярозасці ў другую нядзелю кожнага месяца.
На сайце, з цягам часу, будзе папаўняцца і “Фотагалерэя”. Наведвальнікі могуць пакідаць на сайце свае каментарыі і прапановы. Па ўсіх пытаннях таксама змогуць звярнуцца да душпастыра парафіі праз “Кантакт”.
Апошнім часам была праведзена каласальная праца па збору гістарычных матэрыялаў і распрацоўцы сайта. Гэта дае надзею, што для большай Божай хвалы будзе існаваць наш парафіяльны сайт.
Патрэбная інфармацыя для ўсіх ужо даступная, а сам сайт будзе яшчэ дапрацоўвацца і ўдасканальвацца. Таму шчыра запрашаем наведваць Мосарскую парафію ў інтэрнэце па адрасе: http://mosar.vickyblog.com
Ксёндз Аляксей ЮРКАЙЦЬ,
адміністратар парафіі Мосар
