Так выказваюцца пра свае заняткі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Калядзіца” Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў. Метадыст установы культуры Алёна Сухаверская, якая стаяла каля вытокаў стварэння калектыву, абрала менавіта фальклорны накірунак у дзейнасці гурта. Веды і мудрасць народная — так азначае слова фальклор у перакладзе з англійскай мовы.
— У працэсе адраджэння нацыянальнай культуры важнае месца належыць фальклору — асноўнаму багаццю нашых продкаў, — кажа кіраўнік “Калядзіцы” Алёна Сухаверская. — У творчасці кожнага рэгіёна нашай краіны ёсць свае непаўторныя рысы, якія адлюстроўваюць яго спецыфіку. Асноўным накірункам у рабоце нашага гурта з’яўляецца выкананне народных, абрадавых, сямейна-бытавых, лірычных песень, старадаўніх танцаў.
На сённяшні дзень у калектыве шэсць удзельнікаў — жанчын, рознага ўзросту, розных прафесій, але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да беларускай нацыянальнай культуры, песень і танцаў. Двойчы на тыдзень на рэпетыцыі з вялікімі ахвотай і жаданнем прыходзяць Марыя Ахрамёнак, Галіна Марозава, Валянціна Сякеркіна, Аліна Мілянцей, Ірына Аляксеева і Зінаіда Пілатовіч.
Калектыў ужо добра вядомы ў нашым раёне. “Калядзіца” — удзельнік святаў вёсак, культурных мерапрыемстваў у гарадскім пасёлку. Сёлета нам пашчасціла прыняць удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. На гэтым маштабным форуме мы мелі гонар прадставіць на суд строгага журы конкурсу і, канечне ж, саміх гледачоў рэгіянальны народны касцюм у спалучэнні абрадавых танцаў і песень. Дарэчы, гэта выпрабаванне нашым жанчынам аказалася пад сілу і мы выступілі выдатна. Напэўна, усё таму, што кожная з удзельніц укладвае душу, свае ўменні і старанні ў любімую справу, упэўнена крочыць да пастаўленай мэты.
Наперадзе ў “Калядзіцы” шмат творчых планаў, якія наш калектыў абавязкова будзе ажыццяўляць, каб сваім мастацтвам радаваць гледачоў. Ад сябе асабіста выказваю вялікую удзячнасць удзельнікам гурта за працу, якую мы разам выконваем у справе адраджэння і распаўсюджвання беларускага фальклору, танцавальнага і музычна-песеннага мастацтва нашага рэгіёну.
Сяргей РАЙЧОНАК.

