Праз гады Таццяна Кулішова з Санкт-Пецярбурга адшукала магілу свайго родзіча ў Шаркаўшчыне

Актуальное

Таццяна Анатольеўна Кулішова з унучкай Ірынай
Таццяна Анатольеўна Кулішова з унучкай Ірынай

71 год прайшоў з той пары, як прагучаў майскі салют Вялікай Перамогі. Бязмежнае шчасце перапаўняла тых, хто прайшоў вайну і застаўся жывым. Толькі не кожнаму выпаў шанц вярнуцца дадому, да сваіх родных і блізкіх людзей.

Пры наступленні войск Чырвонай Арміі у чэрвені 1944 года пад вёскай Гуркі Шаркаўшчынскага раёна (як сведчаць архіўныя дакументы) загінуў камандзір экіпажа танка Т-34, лейтэнант Аляксандр Іванавіч Кулішоў. Родныя ўвесь гэты час не ведалі дакладнае месца гібелі Аляксандра. Яго пляменніца Таццяна Анатольеўна Кулішова не адзін год працавала ў архівах Расійскай Федэрацыі, каб здабыць інфармацыю пра свайго дзядзьку. Пасля доўгіх пошукаў і карпатлівай працы жанчыне стала вядома, што яе родзіч аддаў сваё жыццё ў барацьбе з ворагам на нашай шаркаўшчынскай зямлі і пахаваны ў брацкай магіле загінуўшых савецкіх воінаў і партызан на цэнтральнай плошчы райцэнтра.

Напярэдадні Вялікай Перамогі Таццяна Анатольеўна разам са сваёй унучкай Ірынай прыехалі з Санкт-Пецярбурга ў Шаркаўшчыну, каб пакланіцца магіле, дзе пахаваны іх дзядзька і стрыечны прадзед.

— У рэшце рэшт мы адшукалі месца пахавання свайго роднага чалавека, — кажа Таццяна Анатольеўна, — і цяпер з пачуццём спакою ў сэрцах, пакланіўшыся яго магіле, будзем вяртацца дамоў.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *