Самыя цёплыя словы і шчырыя пажаданні ў сярэдзіне кастрычніка гучалі ў адрас усіх матуль. У атмасферы цяпла і сямейнай утульнасці 12 кастрычніка вучні і настаўнікі Велікасельскай ДС — СШ адкрылі выставу фотаработ Валерыі Касперавай “Лінія жыцця”.Упершыню гэта выстава была прадстаўлена на базе дзяржаўнай установы “Культурна-гістарычны комплекс “Залаты пярсцёнак горада Віцебска “Дзвіна”. Аўтар работ Валерыя Касперава – дзіцячы, сямейны і шлюбны фатограф з Віцебска, якая звыш 5 год фатаграфуе шчаслівыя пары і сем’і, будучых матуль і дзетак. Пры гэтым сцвярджае, што галоўная каштоўнасць у жыцці – сям’я. У сваіх работах таленавітая жанчына і прафесіянальны фатограф паспрабавала перадаць усю прыгажосць мацярынства. А кожны з яе прыгожых гарманічных фотаздымкаў, нібы заклік бацькам ўдзяляць як мага больш увагі сваім дзецям, якія так хутка вырастаюць. Выстава вельмі спадабалася ўсім прысутным, асабліва матулям, якія прысутнічалі на свяце. Бо гісторыі звычайных людзей, шчаслівых ад таго, што сталі бацькамі, зразумелыя і цікавыя для кожнага з нас.
Цікавую выставу “Лінія жыцця” ў Велікасельскай сярэдняй школе для дзяцей і іх бацькоў разам з вучнямі арганізавалі і правялі дырэктар навучальнай установы Юрый Часлававіч Матуль і яго намеснік Ірына Рычардаўна Рымдзёнак. Завяршылася мерапрыемства ў школе святочным канцэртам, які вучні і маленькія выхаванцы дзіцячага сада пад кіраўніцтвам педагогаў падрыхтавалі для сваіх матуль
-Дзякуй настаўнікам і ўсім дзеткам за цікавую выставу і выдатны канцэрт,- адзначыла Таццяна Аляксандраўна Грыгаровіч,якую ў школу запрасіла дачка Даша, вучаніца школы. – Усе бацькі, якія прысутнічалі на свяце, атрымалі шэраг незабыўных эмоцый і выдатны настрой. А яшчэ ўбачылі сваіх дзяцей на сцэне і ў якасці вядучых выставы. У Вялікім Сяле з самага ранняга дзяцінства хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца ўпэўнена трымацца на сцэне, выступаюць сольна і ў камандзе. А з дапамогай выдатных педагогаў у невялікай школе раскрываюцца нават не адразу бачныя таленты.












