Чалавек і яго справа: юрысконсульт аддзела па адукацыі райвыканкама Дзіяна Чапулёнак

Актуальное

470У першую нядзелю снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты Беларусі. Дзякуючы прадстаўнікам гэтай прафесіі грамадства атрымлівае дакладна сфармуліраваныя крытэрыі, нормы, законы паводзін унутры соцыума. Юрысты ў Беларусі па-ранейшаму запатрабаваны ў розных сферах: спецыялісты з юрыдычнай адукацыяй працуюць юрысконсультамі, супрацоўнікамі аддзелаў кадраў, следчымі, адвакатамі, работнікамі пракуратуры, суда, натарыяльных кантор  і г. д. З 2012 года юрысконсультам цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела па адукацыі райвыканкама з’яўляецца Дзіяна Уладзіміраўна Чапулёнак.

Асноўным правілам юрыста мая суразмоўца лічыць веданне дзеючых законаў і уменне працаваць з людзьмі. А галоўная перавага гэтай прафесіі ў тым, што яна заўсёды будзе запатрабавана ў грамадстве. А яшчэ веданне заканадаўства і зменаў у ім надзвычай дапамагае і ў асабістым жыцці.

Дзіяна — карэнная шаркаўчанка. Пасля набыцця сярэдняй адукацыі яна паступіла ў Полацкі аграрна-эканамічны каледж, які паспяхова закончыла па спецыяльнасці юрыст і была накіравана на сваё першае працоўнае месца ў КУВСП імя Маркава. Праз два гады, падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, атрымала прапанову заняць вакантнае месца юрысконсульта ў аддзеле па адукацыі райвыканкама. У 2016 годзе Дзіяна атрымала сваю першую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “правазнаўства”. А нядаўна паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яе будучая спецыялізацыя — “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”.

Будучы маладым і перспектыўным спецыялістам, Дзіяна імкнецца развівацца ў розных накірунках. На яе думку, менавіта эканамічная адукацыя для прафесійнага юрыста можа стаць асабліва карыснай. Таму і вырашыла працягваць вучобу далей.

— Дзейнасць юрыста надзвычай цікавая, яна складаецца не толькі з кодэксаў, законаў, указаў, пастаноў і умення прымяняць іх на практыцы, — лічыць мая суразмоўца. — Гэта яшчэ і талент быць тонкім псіхолагам, і майстэрства дыпламатыі. Наколькі ўмела юрыст пралічыць ход далейшых падзей, настолькі паспяховым будзе вынік справы. Лічу, што каб паспяхова працаваць у гэтай няпростай прафесіі, юрысконсульту неабходна мець аналітычны розум, выдатную памяць, умець суадносіць катэгорыі і факты, прычынна-выніковыя сувязі, быць мабільным і працалюбівым, валодаць неабходным цярпеннем, быць добрым прафесіяналам і ўвесь час удасканальваць сваё майстэрства.

У аддзеле па адукацыі юрысконсульт займаецца падрыхтоўкай неабходнай юрыдычнай дакументацыі, ажыццяўляе ўсю неабходную работу з дагаворамі, што заключае арганізацыя, у адпаведнасці з нормамі заканадаўства афармляе кантракты педагагічных работнікаў, з’яўляецца спецыялістам па закупках, выконвае шмат іншых функцый.

У свой вольны час, якога, праўда, не так і шмат, Дзіяна спрабуе знаходзіць хвілінкі і для творчасці. Малюе невялікія карціны, што упрыгожваюць інтэр’ер кватэры, захапляецца кветкамі. 8 гадоў назад яна стварыла сваю сям’ю. Муж Уладзімір Чапулёнак працуе старшым участковым інспектарам Шаркаўшчынскага РАУС.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.