Акцыя «Нашы дзеці»: Маленькія шаркаўчане наведалі галоўную ёлку краіны

Актуальное

Дзмітрый Смолікаў і Фёдар Вецюгоў у ліку дзяцей, якія пабывалі на галоўнай навагодняй ёлцы краіны
Дзмітрый Смолікаў і Фёдар Вецюгоў у ліку дзяцей, якія пабывалі на галоўнай навагодняй ёлцы краіны

Сотні дзяцей з усёй Беларусі, у тым ліку і трое маленькіх жыхароў шаркаўшчынскага краю, 26 і 27 снежня наведалі галоўную ёлку краіны. Масштабнае і надзвычай цікавае навагодняе свята — лепшы падарунак для ўсіх яго ўдзельнікаў. Сярод іх  дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з апякунскіх і прыёмных сем’яў, сіроты, а таксама выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.

Хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў Беларусі Палац Рэспулікі запрасіў на яркае навагодняе шоу, галоўную ёлку краіны. Гледачы прадстаўлення сталі ўдзельнікамі захапляльных Калядных прыгод і пераканаліся ў тым, што мара, памножаная на формулу дабра, — гэта вялікая сіла, здольная тварыць самыя неверагодныя цуды.

Наш Шаркаўшчынскі раён на галоўнай навагодняй ёлцы краіны прадставілі вучань 5 класа Германавіцкай сярэдняй школы Дзмітрый Смолікаў, вучань 5 класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2 Фёдар Вецюгоў і вучань 6 класа Лужкаўскай  сярэдняй школы Аляксандр Багамолаў.

Дзмітрый Смолікаў не толькі добра вучыцца ў школе, але яшчэ захапляецца музыкай і спортам. Хлопчык наведвае музычную школу па класе акардэона, а яшчэ разам са сваімі прыёмнымі бацькамі прадстаўляе вырабы з Дома ганчара на розных тэматычных  выставах, што садзейнічаюць развіццю беларускай народнай творчасці і рамяства. Надзвычай прыгожыя гліняныя цацкі  атрымліваюцца і ў самога Дзімы. Хлопчык выхоўваецца ў апякунскай сям’і.

У Шаркаўшчынскай СШ № 2 Фёдар Вецюгоў — выдатнік вучобы, а яшчэ пастаянны пераможца і прызёр школьных прадметных алімпіяд. Так у мінулым навучальным годзе ён быў узнагароджаны дыпломам 2-й ступені за ўдзел у раённым этапе алімпіяды па рускай мове. А яшчэ Фёдар — адзін з самых актыўных удзельнікаў усіх школьных мерапрыемстваў, творчых і адукацыйных конкурсаў. Разам з лепшымі вучнямі свайго класа хлопчык уваходзіць у склад класнага самакіравання.

Вучань 6 класа Лужкаўскай сярэдняй школы Аляксандр Багамолаў — лепшы спартсмен не толькі ў сваёй навучальнай установе, але і адзін з самых перспектыўных юных лёгкаатлетаў у раёне. Яшчэ з пачатковай школы хлопчык наведвае секцыю па лёгкай атлетыцы дзіцячай юнацкай спартыўнай школы. Ён пераможца раённых, прызёр абласных і ўдзельнік рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. А яшчэ добра вучыцца ў школе.

Незабыўная навагодняя сустрэча ў Палацы Рэспублікі, якая кожны год напрыканцы снежня праводзіцца ў межах дабрачыннай  акцыі “Нашы дзеці”, надоўга застанецца ў памяці ўсіх яе маленькіх удзельнікаў. На памяць пра яе дзеці атрымалі падарункі ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.