20 год адпрацаваў дырэктарам Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Аляксандр Вікенцьевіч Карповіч

Актуальное

800Як і ў іншых прафесіях, у сацыяльнай службе выпадковых людзей не бывае. Калі лёс распарадзіўся, каб твой працоўны шлях быў скіраваны на дапамогу абяздоленым людзям, трэба прыкласці максімум намаганняў і дасягнуць станоўчых вынікаў на абраным полі дзейнасці. З такім крэдам па жыцці крочыў былы дырэктар Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Аляксандр Вікенцьевіч Карповіч.

Нарадзіўшыся ў далёкім 1937 годзе на хутары Слабада паміж вёскамі Радзюкі і Антанова, Аляксандр у сваім бедным пасляваенным дзяцінстве і не ўяўляў, што праз гады ён прысвеціць сваё жыццё працы дзеля соцен людзей, абяздоленых лёсам. У сям’і ён быў адзін, таты рана не стала, маці была непісьменнай жанчынай, але, як успамінае сам Аляксандр Вікенцьевіч, менавіта маці прымушала яго маленькага вучыцца грамаце, каб выйсці ў людзі. Пасля навучання ў Качаноўскай васьмігодцы Аляксандр атрымаў сярэднюю адукацыю ў Шаркаўшчынскай СШ, адслужыў у савецкім войску, а пасля закончыў завочнае аддзяленне Мінскага політэхнічнага інстытута.

Некалькі год Аляксандр Вікенцьевіч працаваў у раённым спажывецкім таварыстве, узначальваў кансервава-гароднінасушыльны завод, з’яўляўся дырэктарам Шаркаўшчынскага цагельнага завода. А калі ў чэрвені 1978 года першы сакратар райкама кампартыі Анатолій Георгіевіч Шманцар прапанаваў узначаліць Александроўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў (так у той час называлася ўстанова), Аляксандр Вікенцьевіч даў на тое сваю згоду.

— Пачынаць працу на новым месцы ў літаральным сэнсе прыйшлося з нуля, — успамінае мой суразмоўца. — Стан дома-інтэрната быў запушчаным. Не было ні лазні, ні пральні, а самі жылыя корпусы для пацыентаў былі падобныя на пасляваенныя баракі. 180 пражываючых абслугоўвалі толькі сем санітарак. Штатных работнікаў катастрафічна не хапала. Вось тады для сябе цвёрда вырашыў: трэба карэнным чынам мяняць сітуацыю.

Дзякуючы неабыякавым людзям, уласнай ініцыятыве, з падтрымкай і фінансавай дапамогай вышэйшага кіраўніцтва распачалі будаўніцтва жылых карпусоў. Драўляныя зрубы для іх закупілі ў Браслаўскім раёне. У хуткім часе пабудавалі новыя лазню і пральню, гаспадарчым спосабам узвялі жылы корпус на 55 месцаў. Для ўласных патрэб пабудавалі ферму, дзе пачалі ўтрымліваць жывёлу: трусоў, свіней, авечак, кароў. Нягледзячы на тое, што ўстанова знаходзілася на дзяржаўным забеспячэнні, змаглі атрымаць ад мясцовага калгаса 55 гектараў ворыўных зямель, дзе вырошчвалі зерневыя культуры, садавіну, гародніну для пражываючых у доме-інтэрнаце і для продажу. Выкапаныя сажалкі выкарыстоўвалі для паліву гародніны, у іх жа разводзілі рыбу. Набывалі мы і тэхніку для апрацоўкі зямель, абслугоўвання жывёлы на ферме. Спачатку быў толькі старэнькі грузавы аўтамабіль ГАЗ-51. Для дастаўкі працуючых з гарадскога пасёлка ў Віцебску набылі мікрааўтобус РАФ, сваімі сіламі пераабсталявалі грузавы аўтамабіль пад пасажырскі аўтобус. У адным з калгасаў набылі зернеўборачны камбайн “Енісей” на гусенічным ходзе. Так пакрысе і развівалася наша ўстанова.

За час працы на пасадзе дырэктара дома-інтэрната шмат што было: падзякі, граматы за работу, меў месца і выгавар за праяўленую ініцыятыву дзеля ўстановы. Не многія памятаюць, што раней аўтамабільная дарога з Шаркаўшчыны ў напрамку Болкалаў праходзіла непасрэдна паміж будынкамі дома-інтэрната. Гэта стварала шматлікія нязручнасці, транспарт наогул з’яўляўся перашкодай, а яго рух быў небяспечным і для персаналу ўстановы, і для пражываючых тут грамадзян. Таму я, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, заключыў адпаведную дамоўленасць з арганізацыямі на будаўніцтва невялікага ўчастка дарогі, якая будзе праходзіць вакол дома-інтэрната без заезду на яго тэрыторыю. Падчас адной з рэвізій правяраючыя знайшлі ў гэтым нямэтавае выкарыстанне грашовых сродкаў. Але ў выніку высветлілася, што і праект быў правільна распрацаваны, і выгада ад узведзенага ўчастка аб’язной дарогі стала відавочнай.

Дырэктарам дома-інтэрната я адпрацаваў 20 год. Прымаў яго ў 1978 годзе ў жахлівым стане, а перадаў свайму пераемніку ў 1998-м сучаснай па тых часах, спецыялізаванай установай, дзе разам з іншымі работнікамі па максімуме змог стварыць належныя ўмовы для пражывання пацыентаў і для работы абслугоўваючага персаналу.

Сяргей РАЙЧОНАК.