Сярод тых, хто адразу пасля наступлення Новага года адзначае сваё прафесійнае свята — Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў — супрацоўнікі цэнтра банкаўскіх паслуг № 243 у г. п. Шаркаўшчына рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”.
Спецыялісты высокай кваліфікацыі з вопытам работы — лепшая характарыстыка для ўсіх нашых супрацоўнікаў, — расказала начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг № 243 Таццяна Іванаўна Грыбок. — Невялікі калектыў ЦБП у нашым гарадскім пасёлку налічвае на сённяшні дзен толькі 11 чалавек (у красавіку мінулага года ў банку была праведзена рэарганізацыя). Пры гэтым кожны з супрацоўнікаў банка адказвае за свой участак работы і ўносіць уклад у агульную справу. Нязменнымі для кожнага з’яўляюцца высокая адказнасць, уменне дакладна выконваць ускладзеныя абавязкі, здольнасць давесці распачатую справу да канца.
Цярпенне, добразычлівасць, уважлівыя адносіны да наведвальнікаў банка і асабістая абаяльнасць уласцівы Святлане Казіміраўне Буткевіч — вядучаму спецыялісту па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічных прадаж. У цэнтры банкаўскіх паслуг № 243 Святлана Казіміраўна працуе шосты год. Да гэтага часу спецыяліст з вышэйшай фінансава-эканамічнай адукацыяй каля 11 год адпрацавала ў аддзеле па аказанні страхавых паслуг: прайшла шлях ад сакратара, а потым спецыяліста і вядучага спецыяліста — да намесніка начальніка аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне. Пасля рэарганізацыі ў калектыве “Белдзяржстрах” перайшла ў банк, праца ў якім, па словах самой Святланы, яе прываблівала заўсёды.
Аддзел рознічных прадаж спецыялізуецца на рабоце з фізічнымі асобамі. Тут першымі сустракаюць кліентаў банка, больш за іншых працуюць з людзьмі і аказваюць вялікую колькасць банкаўскіх паслуг. Адказная і надзвычай напружаная праца з людзьмі патрабуе дакладнасці, уважлівасці і, у той жа час, аператыўнасці . І гэта няпростая работа, на думку кіраўніцтва, атрымліваецца ў Святланы. Маладая жанчына карыстаецца павагай у калектыве і на сваім нялёгкім участку работы ўласным прыкладам дэманструе калегам, як трэба працаваць, каб кліенты з задавальненнем прыходзілі ў свой банк, а ўсе даведзеныя паказчыкі своечасова выконваліся.
Не менш адказны ўчастак работы і ў галоўнага спецыяліста сектара карпаратыўнага бізнесу Алены Юр’еўны Марозавай, якая займаецца абслугоўваннем карпаратыўных кліентаў, ажыццяўляе крэдытаванне юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Спецыяліст з вышэйшай эканамічнай адукацыяй працуе ў банку на працягу 7 гадоў, і менавіта “Белаграпрамбанк” з’яўляецца для Алены першым і пакуль што адзіным працоўным месцам. Да кожнага карпаратыўнага кліента кампетэнтны і адказны спецыяліст імкнецца адшукаць індывідуальны падыход, забяспечыць комплекснае банкаўскае абслугоўванне. Пры гэтым ветлівасць, камунікабельнасць і высокі прафесіяналізм, уласцівыя маладой жанчыне, дапамагаюць ёй паспяхова выконваць усе пастаўленыя задачы. У цяперашні час ААТ “Белаграпрамбанк” імкнецца аказваць усебаковую падтрымку прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу і ў той жа час робіць стаўку на малы і сярэдні бізнес, прыватны сектар, які лепш за іншых прыстасоўваецца і адаптуецца да працы ў новых умовах. Вялікі аб’ём работы ў гэтым накірунку ажыццяўляе галоўны спецыяліст сектара карпаратыўнага бізнесу.
А ўвогуле, менавіта такія спецыялісты як Святлана Буткевіч, Алена Марозава і многія іншыя супрацоўнікі “Белаграпрамбанка” памнажаюць і ўзмацняюць прэстыж аднаго з буйнейшых банкаў нашай краіны. Самі ж жанчыны адзначаюць, што ўсё паспяваць на працы, своечасова і якасна выконваць ускладзеныя на іх абавязкі дапамагае падтрымка родных, якая і з’яўляецца тым надзейным тылам і кропкай апоры ў самых складаных жыццёвых сітуацыях.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.