
Адным з самых цікавых мерапрыемстваў гэтага лета для хлопчыкаў і дзяўчынак стаў школьны турыстычны злёт, які праходзіў 14 і 15 чэрвеня на беразе возера Царкавішча і быў прысвечаны 67-годдзю Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Арганізатарам турыстычнага злёту, як і ў мінулыя гады, выступіў аддзел адукацыі райвыканкама.

Удзел у мерапрыемстве прынялі 11 каманд, спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх катэгорыях, сярод вучняў 6 сярэдніх і 8 малакамплектных школ рэгіёна.
У ходзе выпрабаванняў юныя аматары актыўнага адпачынку спрабавалі свае сілы ў спаборніцтвах па велатурызму, пляжнаму валейболу, дартсу, кантрольна-турысцкаму маршруту, вызначалі мацнейшых у віктарыне “Віцебшчына Алімпійская”, конкурсах газет, мастацкай самадзейнасці і быту.
Як адзначыла галоўная суддзя гэтага спартыўнага свята, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Мікалаеўна Пастушкова, у бягучым годзе педагагічныя калектывы вельмі адказна падыйшлі да падрыхтоўкі каманд на турзлёт, гэта пацвердзіў і конкурс адзінай спартыўнай формы, эмблем і дэвізаў. Усе юныя спартсмены дастойна прадставілі свае навучальныя установы.
Самым няпростым выпрабаваннем, па меркаванню саміх удзельнікаў, стаў кантрольна-турысцкі маршрут, які ўключаў у сябе шэраг этапаў, у тым ліку зборку-разборку турыстычнай палаткі, праверка ведаў па аказанню медыцынскай дапамогі пацярпеламу і пераправа яго праз “балота”, веданне тапазнакаў, пераадольванне мышалоўкі, маятніка, петляў, вязанне вузлоў і некаторыя іншыя іспыты. Шлях да перамогі не павінен быць лёгкім, упэўнены юныя турысты, і ўсе яны выдатна справіліся са сваёй задачай. А лідарамі ў конкурсе “кантрольна-турысцкі маршрут” сталі наступныя каманды: Шаркаўшчынская СШ № 2 – 1 месца, Лужкаўская СШ – 2 месца, Більдзюжская СШ -3 месца (у катэгорыі сярэдніх школ), Радзюкоўская БШ – 1 месца, Гуркаўская + Каўшэлеўская БШ – 2 месца, Станіславоўская БШ – 3 месца (у катэгорыі малакамплектных школ). Цікавяцца сучасныя школьнікі і гісторыяй роднага краю, а таксама нашымі славутымі землякамі. Лепшым спартсменам Прыдзвіння была прысвечана ў гэтым годзе віктарына, што праходзіла пад назвай “Віцебшчына Алімпійская”. І, трэба адзначыць, хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў у конкурсе эрудытаў. Яго вынікі наступныя: Шаркаўшчынская СШ № 1 — 1 месца, Германавіцкая СШ – 2 месца, Більдзюжская СШ – 3 месца; Радзюкоўская БШ – 1 месца, Вялікасельская СШ+ Болкалаўская БШ – 2 месца, Зоркаўская СШ+Сталіцкая БШ – 3 месца.

Юныя ўдзельнікі школьнага турыстычнага злёту найлепшым чынам прадставілі свае каманды, аднак заваяваць перамогу ў няпростай барацьбе было вельмі складана. Лідарамі летняга спартыўнага свята ў агульным заліку сталі юныя турысты з Більдзюжскай сярэдняй школы, а таксама прадстаўнікі аб’яднанай каманды Вялікасельскай СШ+ Болкалаўскай БШ. На “сярэбранай” прыступцы п’едэсталу замацаваліся хлопчыкі і дзяўчынкі Шаркаўшчынскай СШ № 2 і Радзюкоўскай базавай школы. “Бронзу” заваявалі вучні Германавіцкай СШ, Гуркаўскай і Каўшэлеўскай базавых школ.
Віншуем хлопчыкаў і дзяўчынак з іх перамогай і жадаем заўсёды дасягаць пастаўленай мэты.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ.


