Часлава Вітальеўна Радзюк з вёскі Антанова — аператар машыннага даення з 40-гадовым стажам

Сельское хозяйство

IMG_4793 (Копировать)Працоўны дзень вяскоўцаў  пачынаецца задоўга да ўсходу сонца і   заканчваецца ўжо  пад зоркамі.А працы на зямлі патрэбна аддаць столькі сіл і часу, колькі яна патрабуе,  – упэўнена Часлава Вітальеўна Радзюк з вёскі Антанова Радзюкоўскага сельскага Савета. На працягу сарака  гадоў яна з’яўлялася адным з лепшых  аператараў машыннага даення на тэрыторыі саўгаса імя Маркава.  Пры гэтым працавала так, што ў 1986 годзе за шматгадовую сумленную працу была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў, а  ў іншыя гады сваёй  прафесійнай  дзейнасці   — медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, знакам “Ударнік адзінаццатай пяцігодкі”.

Нехта з мудрых заўважыў, што працалюбівая пчала можа сабраць мёд і з горкіх кветак. Гэтыя горкія кветкі Чаславе Вітальеўне  прыйшлося пазнаць яшчэ ў дзяцінстве,бо яе і брата  выхоўвала адна толькі маці, бацька рана пайшоў з жыцця. Маленькая Часлава закончыла 4 класы школы і ўжо ў 16 год  уладкавалася на працу ў мясцовае сельгаспрадпрыемства. Два гады была паляводам, а затым перайшла на сваё пастаяннае працоўнае месца  —  аператара машыннага даення на малочна-таварнай ферме ў роднай вёсцы Савуткі.

У 1972 годзе Часлава Вітальеўна стварыла сваю сям’ю і разам з мужам  Мечыславам Юльянавічам пераехала ў  вёску Антанова, дзе з цягам часу пабудавалі  свой дом і  дзе пражываюць  зараз. 46 гадоў  прайшло з таго часу і сёння,  ужо даўно на заслужаным адпачынку, Мечыслаў Юльянавіч і Часлава Вітальеўна з’яўляюцца адно для аднаго надзейнай падтрымкай і апорай. Мечыслаў Юльянавіч, як і жонка, 40 гадоў адпрацаваў у саўгасе імя Маркава, быў механізатарам, затым пастухом, і жонцы на працы імкнуўся заўсёды дапамагчы. Бо аператары машыннага даення ў мінулыя гады не толькі  даілі кароў, але і адказвалі за харчаванне жывёлы, самі раздавалі ёй усе неабходныя кармы. За 46 гадоў, пражытых разам, муж і жонка выхавалі траіх дачок, зараз у старэйшага пакалення сям’і Радзюк ужо пяцёра ўнукаў. Старэйшыя дочкі Валянціна і Галіна – медыцынскія работнікі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Малодшая Ганна пасля заканчэння Універсітэта культуры засталася ў Мінску. Яна працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Ганарацца дзядуля і бабуля і поспехамі ўсіх сваіх пяці  ўнукаў.  Старэйшы Андрэй- будучы ўрач, у цяперашні час – выпускнік Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Малодшаму ж унуку Чаславы Вітальеўны і Мечыслава Юльянавіча  Назару яшчэ толькі 6 год. Менавіта да яго бабуля часцей за ўсё прыязджае ў госці, каб адпусціць дачку па асабістых  справах ці проста пабыць з унукам, які з’яўляецца частым госцем і ў доме Чаславы Вітальеўны ў вёсцы Антанова.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.