На яе першым, самым значным выпрабаванні ў прафесіі, раённым этапе конкурса “Настаўнік года” Ірыну Рымдзёнак акружалі таленавітыя і больш вопытныя калегі. І ўсё ж журы выбрала менавіта яе, яшчэ зусім маладую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Шкунцікаўскай базавай школы, якая пасля ўніверсітэта ў невялікай сельскай школе адпрацавала яшчэ толькі 5 год. У 2003-м годзе Ірына Рычардаўна заваявала перамогу на раённым этапе конкурса прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. А вынікам паспяховага выступлення на абласным этапе стаў “Прыз сімпатый журы”. Яе яркае выступленне і адкрыты ўрок ў той час запомніліся многім. А сама Ірына адзначыла, што менавіта пасля конкурсу “Настаўнік года” ў яе нібы выраслі крылы. Потым, у кругавароце паўсядзённых праблем, яны, як і ў кожнага з нас не раз апускаліся, але ўсё ж і праз 22 гады работы ў сістэме адукацыі раёна ніколі не пакідала адчуванне таго, што прафесія ў жыцці была абрана правільна.
Ірына нарадзілася і вырасла ў Шаркаўшчыне. Закончыла сярэднюю школу № 1, потым — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Пяць гадоў адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Шкунцікаўскай базавай школе, а пасля перамогі ў конкурсе прафмайстэрства маладую, творчую і мэтанакіраваную настаўніцу запрасілі на працу ў аддзел па адукацыі райвыканкама. Там Ірына Рычардаўна адпрацавала 10 год. Спачатку была метадыстам, а потым звыш 5 гадоў з’яўлялася загадчыцай вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама. І ўсё ж у педагагічнай дзейнасці настаўніцу заўсёды прываблівала менавіта работа з дзецьмі. Менавіта яна, як адзначае Ірына, дае сілы і нязгаснае жаданне працаваць. Толькі калі прыходзіш у клас, стаіш ля дошкі і бачыш дапытлівыя вочкі дзяцей — такая работа сагравае. У школу хочацца вяртацца ізноў. Таму што бачыш вынік сваёй працы і яе сэнс, разумееш, што цябе тут чакаюць і ты патрэбен.
У гэтым годзе спаўняецца 5 год, як Ірына Рычардаўна працуе намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці ў Велікасельскай ДС-СШ, якую на сённяшні дзень наведваюць 49 вучняў і 6 маленькіх выхаванцаў дзіцячага сада.
Нягледзячы на невялікую колькасць дзяцей, сваімі цікавымі праектамі, нестандартнымі ідэямі і маштабнымі мерапрыемствамі гэту навучальную ўстанову ведаюць далёка за межамі нашага раёна. Як адзначае Ірына Рычардаўна, ёй заўсёды шанцавала з калегамі — і ў Шкунцікаўскай школе, якая стала для яе выдатным стартам у будучую прафесію, і ў аддзеле па адукацыі, дзе многія калегі засталіся сябрамі на ўсё жыццё, і ў Велікасельскай школе, у якой вельмі хочацца працаваць яшчэ многа-многа гадоў.
У Вялікім Сяле пад кіраўніцтвам Юрыя Часлававіча Матуля працуе выдатны калектыў аднадумцаў, педагогаў з дастатковым вопытам работы і высокай кваліфікацыяй, дзякуючы якім вучні школы кожны год становяцца прызёрамі і пераможцамі раённага этапа прадметных алімпіяд, удзельнічаюць у абласным этапе. У велікасельскіх дзяцей — цікавае і насычанае падзеямі жыццё. І менавіта школа стала для іх той стыхіяй, якая дапамагае знайсці сваё прызванне ў будучым. А калегі Ірыны Рычардаўны і кіраўнік школы Юрый Часлававіч Матуль цвёрда ўпэўнены, што дзякуючы такім людзям, як Ірына Рымдзёнак, якая заўсёды ў цэнтры ўсіх школьных падзей, Велікасельская ДС-СШ сёння імкліва развіваецца і паспяхова вырашае большасць пастаўленых перад ёю задач.
Што такое добры настаўнік, сама Ірына ведае ўжо даўно. Яшчэ падчас вучобы ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1 яна з захапленнем назірала, як працуюць выдатныя педагогі Анна Ювінальеўна Раманоўская, Варвара Уладзіміраўна Касцюкевіч, многія іншыя настаўнікі, дзякуючы якім яна і выбрала ў будучым сваю няпростую прафесію. Многаму навучылася ў былога дырэктара Шкунцікаўскай школы Галіны Пятроўны Васілевіч. З вялікай удзячнасцю заўсёды ўспамінае калег, з якімі працавала ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, асабліва Аляксандра Аляксандравіча Цітовіча, які шмат гадоў узначальваў аддзел і на чыю падтрымку заўсёды маглі разлічваць усе, хто з ім працаваў.
І сёння любімая работа ў жыцці Ірыны Рымдзёнак займае значнае месца і даволі шмат часу. Але ж, як і ў жыцці любой жанчыны, на першым плане ў яе заўсёды была сям’я. Ірына Рычардаўна і Васілій Васільевіч Рымдзёнкі пажаніліся зусім маладымі — 22 гады назад. Іх дачка Анастасія — ужо студэнтка 2 курса медыцынскага каледжа. Васілій Васільевіч таксама працуе ў Велікасельскай ДС-СШ настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Як расказала Ірына, яны з мужам заўсёды ў адной камандзе, разам і дома, і на працы. У іх ёсць магчымасць дапамагаць адзін аднаму, усе праблемы вырашаць разам, пры гэтым агульныя інтарэсы іх яшчэ больш аб’ядноўваюць. А ўвогуле для шчасця, на думку маёй суразмоўцы, чалавеку патрэбна не так ужо і шмат: каб бацькі былі жывыя і здаровыя і ў дзяцей усё атрымлівалася, сям’я была моцнай і шчаслівай, а работа — любімай. А яшчэ Ірына ўпэўнена, што каб дасягнуць поспеху, трэба шмат працаваць, а калі не атрымліваецца — спрабаваць ізноў. Ва ўсякім разе апускаць рукі перад цяжкасцямі — зусім не яе жыццёвая пазіцыя.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.