Падведзены вынікі, пастаўлены задачы

Прафсаюзы

368 (Копировать)

Грамадскія арганізацыі і аб’яднанні у цяперашні час праводзяць справаздачныя сходы па выніках работы за мінулы год. 26 лютага ў вялікай зале райвыканкама прайшоў савет Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. З асноўным дакладам выступіў старшыня арганізацыі Ігар Віктаравіч Малюгін.

У Шаркаўшчынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў уваходзяць 4 раённыя, 59 пярвічных арганізацый, звыш 15 профгруп і цэхавых камітэтаў, якія прадстаўляюць 10 галіновых прафсаюзаў з агульнай колькасцю 4.412 чалавек. Як адзначыў Ігар Віктаравіч, у забеспячэнні сацыяльнай абароны чалавека ёсць два крокі. Першы — гэта стварэнне прафсаюзнай арганізацыі. У 2018 годзе створаны чатыры новыя пярвічкі, дзве арганізацыі былі ліквідаваны. Другі крок — заключэнне калектыўных дагавораў, унясенне ў іх дапаўненняў і змяненняў. У райвыканкаме зарэгістравана 53 калектыўныя дагаворы. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў вядзе іх рэестр.

У снежні мінулага года заключана Генеральнае пагадненне паміж Урадам краіны, ФПБ і рэспубліканскім аб’яднаннем наймальнікаў. У лютым такое ж пагадненне падпісана на абласным узроўні. На сённяшні дзень рыхтуецца да падпісання аналагічнае пагадненне на раённым узроўні. У сувязі з гэтым у пярвічных прафсаюзных арганізацыях неабходна перагледзець калектыўныя дагаворы на прадмет адпаведнасці нормаў больш высокага ўзроўню.

Чаму ж калектыўна-дагаворным адносінам надаецца столькі ўвагі? Гэта адбываецца з-за таго, што выкананне нормаў дагавораў можа істотна садзейнічаць паляпшэнню сацыяльна-эканамічнага стану раёна. Сярэдняя зарплата за мінулы год па раёне склала 567,8 рублёў, што складае 96 працэнтаў да задання. Па стане на 1 лютага 2019 года ў 9 арганізацыях мелася пратэрмінаваная запазычанасць па выплаце заробку. Асноўнай прычынай тут з’яўляецца не паступаючыя грашовыя разлікі за здадзеную прадукцыю ад перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Узровень фіксіраванага беспрацоўя па раёне складае 0,4 працэнта. Па стане на 1 студзеня 2019 года на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама знаходзілася 28 чалавек, а колькасць вакансій — 55.

Колькасць насельніцтва ў раёне па стане на 1 студзеня 2019 года склала 14. 350 чалавек, што на 431 чалавека меньш, чым за адпаведны перыяд 2018 года. У цэлым за 10 год насельніцтва нашага раёна скарацілася на 5.338 чалавек.

Ігар Віктаравіч падкрэсліў, што прафсаюзы могуць пасадзейнічаць замацаванню кадраў у раёне праз сістэму падтрымкі моладзі ў калектыўных дагаворах. Гэта і матэрыяльная дапамога, і прадастаўленне службовага жылля, грашовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці і так далей. Немалаважна, каб прафсаюзы звярталі ўвагу на тэрмін заключэння кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі. У многіх арганізацыях раёна ўзровень кароткатэрміновых кантрактаў значна большы, чым 50 працэнтаў. Несумненна, што ў гэтым пытанні прафсаюзам трэба цвёрда адстойваць пазіцыю па абароне правоў работнікаў.

Асаблівая ўвага ў дзейнасці раённага аб’яднання надаецца рабоце з ветэранамі і моладдзю. У цяперашні час рэалізуецца план мерапрыемстваў супрацоўніцтва паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ і раённым саветам ветэранаў на 2016—2021 гады.

Выконваючы рашэнні VІІ З’езда ФПБ, прафсаюзы на пастаяннай аснове займаюцца пытаннямі грамадскага контролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. У мінулым годзе рэйдавай групай тэхнічнай інспекцыі ФПБ у ходзе праведзенага маніторынга па арганізацыях выяўлена 29 парушэнняў правілаў аховы працы. Няшчасныя выпадкі на вытворчасці адбыліся ў ААТ “Даватарскі” і УП “Шаркаўшчынскае ПМС”.

У мэтах абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян у сферы захавання заканадаўства аб працы арганізуюцца прыёмы грамадзян прававымі інспектарамі працы. За мінулы год за дапамогай звярнуліся 34 жыхары раёна.

Актыўны ўдзел прафсаюзныя арганізацыі прымаюць у рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, падчас якой з падарункамі наведваюць сацыяльна-педагагічны цэнтр, дом сямейнага тыпу, сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і.

Як сказаў Ігар Віктаравіч, 2019 год — гэта год прафсаюзных выбараў. Трэба правесці выбарную кампанію на высокім узроўні. Таксама ў гэтым годзе будзе адзначацца 75-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 50-годдзе стварэння мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”. Ужо складзены план мерапрыемстваў па святкаванні гэтых памятных дат.

Напрыканцы мінулага года на чарговым пасяджэнні раённага аб’яднання прафсаюзаў былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю раёна. Дыпломамі за першае месца ўзнагароджаны пярвічкі ДБУ-26 і ясляў-сада №3. За другое — ААТ “Ельня-Агра” і Більдзюжскай СШ. Трэцімі сталі пярвічныя арганізацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай ветэрынарнай станцыі.

У заключэнні Ігар Віктаравіч Малюгін падкрэсліў, што сёння прафсаюзы канструктыўна працуюць з мясцовай уладай, наймальнікамі, вырашаючы многія пытанні ў інтарэсах працоўных.

Аб рабоце прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі расказала яе старшыня Наталля Іванаўна Баговіч. Зоя Мікалаеўна Пажарская, якая ўзначальвае пярвічную арганізацыю ААТ “Ельня-Агра”, падзялілася з прысутнымі вопытам сваёй работы.

Як і ў мінулыя гады, перад прафсаюзнымі арганізацыямі сёлета пастаўлена задача па павышэнні эфектыўнасці арганізацыі санаторна-курортнага лячэння членаў прафсаюзаў і членаў іх сем’яў на базе санаторыяў УП “Беларустурыст”, а таксама экскурсійных паездак унутры краіны і за яе межы. На гэтых пытаннях падрабязна спынілася прадстаўнік унітарнага прадпрыемства “Браслаўскія азёры” Надзея Дударонак.

Падвялі вынікі пасяджэння і выступілі перад прысутнымі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі і старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель.

Сяргей РАЙЧОНАК.