28 ліпеня ў Лучаі пройдзе фэст Святой Ганны

Актуальное

Парафія святога апостала Юды Тадэвуша ў Лучаі (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) запрашае ўсіх жадаючых прыехаць, каб супольна памаліцца і адпачыць духоўна на фэсце, які будзе праводзіцца ў гонар Святой Ганны 28 ліпеня (пачатак у 17:00).
Сёлетні фэст мае быць добрай нагодай, каб чарговы раз шчыра праславіць Бога праз заступніцтва нашых святых апекуноў. Будзе магчымасць духоўна ачысціцца ў сакрамэнце споведзі і падчас адарацыі. Галоўным момантам свята будзе ўрачыстая святая Імша, якую правядзе пробашч “Чырвонага касцёла” з Мінска ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Таксама адбудзецца асвячэнне чарговых барэльефаў, якія ствараюць унікальнае Евангелле ў абразах вакол святыні.
А пасля, як звычайна, пачнецца святочная праграмма з “Лучайскімі пачастункамі”, забавамі, “Вёскай майстроў”, віншаваннямі футбольнай каманды сярод міністрантаў (матч пройдзе ў гэты дзень) і канцэрт з удзелам вядомых гуртоў. Заканчэннем фэсту стане фаер-шоў з выкананнем новай песні аб Лучаі.
Хто хоць аднойчы пабываў у Лучаі, захоча прыехаць ізноў. Таму шчыра запрашаем вас запланаваць гэты дзень для фэсту ў гонар Святой Ганны.
Дарэчы, святыня адчынена кожны дзень для наведвання. З 30 чэрвеня працуе фотавыстава беларускага фатографа Віталя Раковіча “Святло беларускіх храмаў”.
Запрашаем у госці! Будзем рады вас бачыць!
Ксёндз Мікалай ЛІПСКІ,
пробашч парафіі святога апостала Юды Тадэвуша



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *