
Нядаўна работнікі спажывецкай кааперацыі адзначалі сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды ў глядзельнай зале раённага Дома культуры праведзены ўрачысты сход, у якім прыняў удзел старшыня райвыканкама М. В. Морхат. Адбылася дзелавая і зацікаўленая размова, у час якой падведзены вынікі работы за паўгоддзе, акрэслены перспектывы далейшага развіцця галіны, узнагароджаны перадавікі спажывецкай кааперацыі раёна.

Напачатку старшыня праўлення райспажыўтаварыства А. Дз. Далецкі ў сціслай форме падвёў вынікі работы таварыства. Адзначыў, што для галіны характэрны станоўчыя зрухі. Напрыклад, аб’ём рознічнага тавараабароту за 2011 год склаў 46,8 мільярда рублёў, а за 6 месяцаў бягучага — амаль 36 мільярдаў. Павялічылася колькасць выпушчанай уласнай прадукцыі і рэалізаваных тавараў. Гэтаму садзейнічала ўкараненне новых форм работы з насельніцтвам. У першую чаргу, арганізацыя продажу харчовых і прамысловых тавараў на выставах, кірмашах, выездах у суседнія раёны, гарады Полацк, Віцебск, Мінск, правядзенне акцый “Купі цяпер”, “Тавар дня” і іншыя.
Непазнавальна змяняецца як знешні выгляд, так і ўнутраны інтэр’ер гандлёвых кропак “Родны кут”, “Журавінка”, “Сняжынка”, некаторых сельскіх магазінаў. Прыемна зайсці, набыць неабходны тавар. І ў далейшым такая работа будзе працягвацца, запэўніў прамоўца. Падстава для гэтага адна — сістэма гандлю абслугоўвае людзей, таму ўсё павінна быць на належным узроўні.
Станоўча ацаніў зробленае за апошні час у сістэме гандлю старшыня райвыканкама М. В. Морхат. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што сіла галіны — у адзінстве дзеянняў усіх звёнаў. Зусім нядаўна старшынёй праўлення выбраны Аляксандр Дзіслававіч Далецкі, але ў маладога кіраўніка ёсць неабходныя веды, здольнасць арганізаваць кадры для павышэння ўзроўню забеспячэння насельніцтва таварамі рознага прызначэння згодна з запатрабаваннямі. І раённая ўлада, адзначыў Мечыслаў Віктаравіч, будзе ўсебакова падтрымліваць пачынанні, прыцягваць да гэтай справы дэпутацкі корпус. Нягледзячы на станоўчыя зрухі, у сістэме гандлю ёсць над чым працаваць. Гэта падбор і расстаноўка кадраў, арганізацыя закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі, дароў прыроды, другаснай сыравіны, граматная канкурэнцыя з прадпрымальнікамі, гандаль у малых населеных пунктах.
Мечыслаў Віктаравіч шчыра павіншаваў прысутных з прафесійным святам і ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу прадаўцу аўтамагазіна Р. С. Баброўскаму, вядучаму інструктару па арганізацыі гандлю Л. Д. Лагунёнак, рабочай каўбаснага цэха аддзела прамысловасці В. В. Курэц.
Вельмі прыемна, што ў сістэме гандлю ёсць кім ганарыцца. Ганаровай граматай аблспажыўтаварыства па выніках работы за 2011-ы і шэсць месяцаў бягучага года ўзнагароджана прадавец магазіна № 40 аграгарадка Германавічы В. Ю. Осіпава з уручэннем грашовай прэміі, партрэты прадаўцоў магазіна № 166 аграгарадка Більдзюгі Л. М. Фаміной занесены на Дошку гонару абласпажыўтаварыства, а на раённую Дошку гонару — прадаўца магазіна № 12 “Прамтавары” Л. М. Качан.
Высокім прафесіяналізмам на рабочых месцах вызначаюцца Я. А. Талапіла, А. В. Казак, Ж. П. Васюцёнак, М. С. Зіміна, А. У. Ластаўка, І. І. Бягун, В. І. Рагавая, А. Я. Басікірская.
Не забываюць у райспажыўтаварыстве і пра тых, хто на працягу многіх

гадоў добрасумленна працаваў у сістэме. На ўрачыстым сходзе былі ўзгаданы прозвішчы Я. Ф. Кандраценкі, Я. Б. Кандраценка, М. А. Шынкевіч, І. І. Чабатаронак, Т. М. Ваштай, Л. С. Стральчонак, А. К. Стомы, Л. А. Пузікавай, В. П. Мураўскай, З. А. Праўдзінай. У гэтых людзях, акрамя многіх станоўчых якасцяў характару, было ўнутранае высокае пачуццё адказнасці за даручаную справу.
Прыемна, што амаль палова ўдзельнікаў урачыстага пасяджэння была адзначаны з лепшага боку кіраўніцтвам прадпрыемства гандлю. Граматамі праўлення, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, падарункамі ўзнагароджаны 22 чалавекі, аб’яўлены ўдзячнасці і ўручаны каштоўныя падарункі 21 работніку, падарункі атрымалі і тыя, хто прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці арганізацыі.

Святочную канцэртную праграму падрыхтавалі супрацоўнікі раённага Дома культуры, узорнага цыркавога калектыву “Мара”, удала спалучыўшы прафесіяналізм сваіх работнікаў з мастацкімі здольнасцямі прадстаўнікоў сістэмы гандлю. Таму пасля заканчэння ўрачыстасці яе віноўнікі пакідалі ўстанову культуры з добрым настроем і імкненнем працаваць у далейшым яшчэ лепш. Тым больш, што для жадаючых у бары “Сустрэча” быў накрыты салодкі стол.
На сустрэчы прысутнічаў Эдуард КОРСАК
