Заўсёды цікава назіраць за дзіцячай творчасцю, што пазбаўлена шаблонаў і стэрэатыпаў , уласцівых свету мастацтва дарослых. Шчырасць, чысціня, часам нават наіўнасць, а ў некаторых выпадках – і сапраўдная глыбіня і мудрасць – вечныя спадарожнікі творчых пошукаў юных артыстаў. Усё гэта захапляе і заварожвае гледача. І не толькі выпадковага сведку, тату або маму юнага артыста , але і тых, хто проста назірае за падзеямі на сцэне з уласцівай ім роллю непрадузятасці. Сапраўдная жывая іскра дзіцячай творчасці здольная пранікнуць у сэрца кожнага гледача і нікога не пакінуць абыякавым. Гэта пацвердзіў раённы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасаці “Каляровыя сны”, які 29 мая, напярэдадні Дня абароны дзяцей, праходзіў ў раённым цэнтры культуры. У гэтым годзе ён быў прысвечаны Году малой радзімы.
На суд гледачоў і членаў журы было прадстаўлена звыш 20 нумароў юных удзельнікаў, якія ў сваіх узроставых групах выступалі ў розных намінацыях: “саліст-вакаліст”, “вакальныя ансамблі” і “харэаграфія”.
Маленькія і юныя канкурсанты парадавалі шматлікіх гледачоў цудоўным выкананнем, прыгожымі нумарамі, сваёй непасрэднасцю і шчырасцю . На сцэне выступалі лепшыя з лепшых, таму членам журы няпроста было вызначыць пераможцаў намінацыях.
Фіналам канцэрта стаў выхад усіх удзельнікаў фестывалю на сцэну , каб яшчэ раз прывітаць гледачоў. Намеснік дырэктара РЦК Таццяна Лаздоўская ад імя ўсіх членаў журы цёплымі словамі ўдзячнасці завяршыла праграму і ўручыла дыпломы і падарункі маленькім артыстам.
За перамогу ў розных намінацыях дыпломы і падарункі атрымалі ўсе юныя ўдзельнікі конкурснай праграмы. А ў ліку пераможцаў былі названы наступныя юныя артысты.
Спецыяльным прызам журы адзначаны танцавальны калектыў Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў “Крутуха” (мастацкі кіраўнік – Людміла Сухоўская).
У малодшай узроставай групе, сярод дзяцей 4-9 год , 2 месца заваяваў дуэт Дзяніса і Паўла Тараракаў з Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2 (мастацкі кіраўнік Алёна Цярпілка).
А перамогу сярод самых юных артыстаў заваявалі ўдзельнікі малодшай групы тэатра песні “Маленькая фея” (мастацкі кіраўнік Вера Шуман) і харызматычны юны саліст з Лужкоў Арсеній Дарафееў (мастацкі кіраўнік Ірына Буднік).
У катэгорыі 10-13 год не было роўных Паліне Кажура з сярэдняй школы № 1 нашага гарадскога пасёлка (мастацкі кіраўнік Таццяна Лялека). На другім месцы – Ангеліна Савельева, якая прадстаўляла Шаркаўшчынсскую дзіцячую школу мастацтваў (мастацкі кіраўнік Ала Міхайлава). На трэцім – Аляксандра Курцына (Більдзюжскі СДК, мастацкі кіраўнік – Вікторыя Молакава).
У катэгорыі 14-17 год другое месца заваяваў вакальны гурт Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 (мастацкі кіраўнік Таццяна Лялека). Перамогу ў старэйшай узроставай групе раздзялілі паміж сабой Дар’я Райчонак з сярэдняй школы № 1 (мастацкі кіраўнік Таццяна Лялека) і ўдзельнікі тэатра песні “Маленькая фея” (мастацкі кіраўнік Вера Шуман).
-Канечне, не ўсім дзецям пашчасціла стаць пераможцамі,—адзначыла намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Жанна Пундзіс – галоўны арганізатар правядзення фестывалю дзіцячай творчасці “Каляровыя сны” ў нашым раёне. –Але ж магчымасць выйсці на сцэну, убачыць захапленне ў вачах гледачоў, пачуць апладысменты і адчуць, якое гэта шчасце — быць артыстам, пакіне ў сэрцы кожнага юнага ўдзельніка яркі і цёплы свет. І хоць не ўсе з тых дзяцей, якія прымалі ўдзел у фестывалі стануць у далейшым артыстамі, неабходнасць перамогі над сабой, над сваімі страхамі і няўпэўненасцю дапамогуць падрастаючым асобам у далейшым жыцці : навучаць іх т працаваць, ісці да сваёй мэты, змагацца, марыць і не зыходзіць з дыстанцыі.
А ў нашым Шараўшчынскім раёне фестываль дзіцячай творчасці “Каляровыя сны” ужо шмат гадоў дапамагае адкрыць яшчэ нераскрытыя таленты, знайсці новых юных артыстаў. Хочацца, каб з кожным годам іх станавілася толькі больш. Менавіта з такіх станоўчых і яркіх падзей як “Капляровыя сны” і зараджаюцца нашы шаркаўшчынскія культурныя традыцыі. Сёння мы імкнемся іх развіваць, каб перадаць потым нашым дзецям. Шчырыя словы ўдзячнасці за фінансавую падтрымку фестывалю хачу выказаць аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і асабіста галоўнаму спецыялісту гэтага аддзела Іне Мар’янаўне Шынкевіч, а таксама дырэктару Дома ганчара ў аграгарадку Германавічы Сяргею Рымдзёнку за прыгожыя гліняныя статуэткі, якія ўручаліся пераможцам.



































