Надоі малака павялічваюцца

Сельское хозяйство

718 (Копировать)

Падчас мінулай паездкі ў ААТ “Ельня-Агра” акрамя пытанняў ходу ўборачнай кампаніі мы пацікавіліся і справамі ў жывёлагадоўлі. Па гаспадарцы валавы надой за суткі складае звыш 8.000 кілаграмаў малака. У параўнанні з мінулагоднім паказчыкам — амаль на тону больш. А гэта вельмі важна, бо і агульная сума грошай ад рэалізацыі гэтага прадукта жывёлагадоўлі ўзрасла.

Мы наведалі гурт кароў МТФ “Зорка” у час вячэрняй дойкі, якія пасуцца паміж вёскамі Ямна і Людвінова. Пакуль пастухі падганялі з пашы кароў да перасоўнай даільнай устаноўкі, мы крыху пагутарылі з даяркамі.

У агульным гурце 193 каровы. Іх даеннем займаюцца Святлана Хаданёнак, Святлана Буда, Алена Талапіла і Марыя Бука. Падменнай даяркай працуе Марыя Талапіла.

— Праца жывёлавода хоць і цяжкая, але прыносіць карысць людзям, — кажа адна з перадавых аператараў машыннага даення Святлана Буда. — Мы стараемся сумленна працаваць і дзеля дабрабыту гаспадаркі, і дзеля асабістага заробку. Напрыклад, у маім гурце 49 кароў, якія цяпер на раздоі. За першае паўгоддзе я надаіла 109 тон малака. Сярэдні надой на карову склаў 2.192 кілаграмы.

Высокія паказчыкі і ў іншых даярак. Марыя Бука за 6 месяцаў атрымала 119 тон малака пры сярэднім надоі 2.482 кілаграмы на адну карову. Алена Талапіла за першае паўгоддзе змагла надаіць 109 тон. Сярэдні надой на адну карову ў яе таксама не благі — 2.273 кілаграмы малака. Крыху менш атрымала са свайго гурта Святлана Хаданёнак. Валавы надой у яе склаў 87 тон. У сярэднім ад адной каровы атрымана 1.888 кілаграмаў малака.

Чэрвеньская засуха, якая была на працягу ўсяго месяца, пазбавіла вільгаці глебу. Па гэтай прычыне гаспадаркі недаатрымлівалі малака. Цяпер жа, калі перыядычна праходзяць дажджы, на пашы добры травастой, растуць і надоі гэтага каштоўнага прадукта жывёлагадоўлі.

Сяргей РАЙЧОНАК.