
Адным з аб’ектаў сацыяльнай сферы аграгарадка Більдзюгі, цэнтральнага населенага пункта ААТ “Жвіранка”, з’яўляецца дзіцячы сад. На сённяшні дзень там на выхаванні 27 хлопчыкаў і дзяўчынак ад трох да шасці год. Калектыў дашкольнай дзіцячай установы, якую ўзначальвае Таццяна Іванаўна Блажэвіч, імкнецца арганізаваць навучальны і выхаваўчы працэсы з такім разлікам, каб іх выпускнікі без усялякіх сумненняў маглі паспяхова асвойваць праграму першага класа. І, як сведчаць водгукі педагогаў Більдзюжскай СШ, ім гэта ўдаецца зрабіць.

Пэўная ўвага надаецца і фізічнаму развіццю. Для гэтага ў спецыяльным класе ўстаноўлена неабходнае абсталяванне. А вось на гульнёвай пляцоўцы было крыху беднавата. Аднак і гэтая праблема вырашылася напярэдадні святкавання аграгарадка Більдзюгі. На тэрыторыю дзіцячага сада, па распараджэнню старшыні райвыканкама М. В. Морхата, завезлі і ўстанавілі камплект абсталявання дзіцячага гульнёвага комплекса, вырабленага ў заводскіх умовах. У ім розныя віды арэляў, карусель, многафункцыянальная горка. І яны, паверце, у добрае надвор’е не пустуюць. Дзеці пад пільным кантролем выхавальнікаў і бацькоў паспяхова асвойваюць новае і прыгожае абсталяванне.
За такую ўвагу да дашкольнай дзіцячай установы, канкрэтнае вырашэнне пытання добраўпарадкавання тэрыторыі Т. І. Блажэвіч на свяце ў прысутнасці жыхароў аграгарадка шчыра падзякавала кіраўніку раёна і запэўніла, што і надалей калектыў паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі па выхаванню падрастаючага пакалення.
Эдуард КОРСАК
