Юрый Хаданёнак і Алена Пучыла — перадавыя жывёлаводы ААТ «Ельня-Агра»

Сельское хозяйство

IMG_8732 (Копировать)

У любой справе, каб дасягнуць станоўчых вынікаў, трэба прыкласці максімум намаганняў, старанна і сумленна працаваць. Таксама і ў жывёлагадоўлі. Калі аператар машыннага даення будзе пільна сачыць за кожнай каровай ў сваім статку, своечасова карміць, звяртацца да ветурача, то і надоі малака будуць высокімі. Гэта ж адносіцца і да даглядчыкаў буйной рагатай жывёлы.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Ельня-Агра” даглядчыкамі БРЖ працуюць Алена Пучыла і Юрый Хаданёнак. Алена добра ведае сваю справу. Яшчэ ў дзяцінстве дапамагала сваёй маці, калі тая працавала спачатку на свінаферме, а потым была даглядчыцай цялят. Таму і Алена адразу пасля заканчэння школы пайшла працаваць на ферму.

— У маім гурце 120 маленькіх цялятак, — кажа Алена. — Ад даярак яны да мяне трапляюць у пяцісутачным узросце. Спачатку паю іх малаком, крыху пазней у рацыён дабаўляю муку, камбікорм. Трэба пільна за імі сачыць. Калі пагаршаецца стан здароўя, тады дапамогу аказвае ветэрынарны ўрач Анжэла Фурс. Гэта малады спецыяліст, але вельмі старанная і адказная. Яна нават у выхадныя дні спяшаецца на працу, заўсёды акажа кваліфікаваную дапамогу, калі ў гэтым ёсць патрэба. Цяляткі ў маім гурце ўтрымліваюцца да двухмесячнага ўзросту, а потым я іх перадаю на далейшае дарошчванне ў гурт Юрыя Хаданёнка.

— Праца наша, канечне, не з лёгкіх, але нам падабаецца, — далучыўся да размовы Юрый Хаданёнак. — Мой гурт налічвае 275 галоў. Узрост цялят — ад двух месяцаў да года. Пасля года некаторыя пераводзяцца ў гурты для адкорму, цялушкі — у аддзельны гурт. Перабою з кармамі няма. Заўсёды ў наяўнасці маецца патрэбная колькасць канцэнтратаў. Каб мець станоўчы вынік сваёй працы, трэба з адказнасцю да яе адносіцца: своечасова накарміць, напаіць жывёлу, пачысціць падлогу, памяняць салому, каб цялятам было ўтульна і цёпла. Ад гэтага залежаць прывагі і здароўе жывёлы.

Як даведаліся мы ў бухгалтэрыі гаспадаркі, вынікі працы Алены Пучыла і Юрыя Хаданёнка і сапраўды станоўчыя. За першае паўгоддзе валавая прывага ў гурце Юрыя склала 22 тоны, а сярэднясутачная дасягнула адзнакі ў 660 грамаў. Алена змагла атрымаць 9 тон валавай прывагі, сярэднясутачная склала 499 грамаў. Відавочна, што гэтыя работнікі сваёй сумленнай працай паляпшаюць і дабрабыт гаспадаркі, і свой фінансавы прыбытак павялічваюць.

Сяргей РАЙЧОНАК.