У ліпені і жніўні ў шматлікіх населеных пунктах нашага раёна праводзілася шмат мерапрыемстваў, прысвечаных аграгарадкам, вялікім і малым вёскам, іх жыхарам. Як звычайна, летам у сельскую мясцовасць з гарадоў прыязджаюць на адпачынак тыя людзі, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы, каб дакрануцца сэрцам і душой да сваёй малой радзімы.
У адзін са жнівеньскіх дзён ладзілася свята вёскі Антанова, якая знаходзіцца ў Радзюкоўскім сельсавеце. На мерапрыемства прыйшлі нешматлікія мясцовыя жыхары, у асноўным, пенсійнага ўзросту. Прыехалі да сваіх родных дзеці, унукі і праўнукі з Шаркаўшчыны, з іншых гарадоў.
Самадзейныя артысты Радзюкоўскага сельскага дома культуры і гледачы размясціліся ў падворку Валерыя Станіслававіча і Капіталіны Кузьмінічны Лаўрыновічаў. Надвор’е стаяла цёплае, сонечнае, гэта надавала ўсім прысутным добрага настрою.
З прывітальным словам ад імя кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства імя Маркава выступіў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Анатолій Андрэевіч Дзітрыс.
— Ва ўсе часы галоўным багаццем нашай зямлі былі і застаюцца людзі, — сказаў Анатолій Андрэевіч. — Мы нізка кланяемся ўсім, хто працаваў і працуе ў гаспадарцы: на палетках, на фермах, аддаючы ўвесь свой запал любімай справе. Зычу вам добрага здароўя, выдатнага настрою, даўгалецця, шчасця і дабрабыту ў сем’ях.
Да слоў віншаванняў далучылася і кіраўнік спраў Радзюкоўскага сельвыканкама Вольга Вячаславаўна Рамановіч. Яна павіншавала сямейныя пары, якія сёлета адзначылі юбілеі з дня ўступлення ў шлюб. Дваццаць год пражылі разам Віктар Паўлавіч і Алеся Станіславаўна Кулінок. Трыццаць пяць год крочаць побач па жыцці Мікалай Яўгеньевіч і Жанна Мар’янаўна Шалкоўскія. А Часлаў Юльянавіч і Галіна Мікалаеўна Радзюк адзначылі 45-годдзе сумеснага жыцця. Вольга Вячаславаўна ўручыла юбілярам памятныя падарункі і пажадала доўгіх і шчаслівых год сямейнага жыцця.
У народзе кажуць, што вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Нягледзячы на тое, што Антанова ўжо маланаселены пункт, тым не менш, ёсць тут маленькія жыхары, а самай малодшай з’яўляецца Паліна Кавалеўская, якой сёлета споўнілася шэсць год. А самая старэйшая жыхарка Антанова Таццяна Іванаўна Лаўрыновіч сустрэла сваё 89-годдзе.
На свяце вядучыя мерапрыемства ўспомнілі таксама імёны ўсіх жыхароў, хто сёлета адзначае юбілеі з дня нараджэння. Для іх у якасці падарунка самадзейныя артысты дарылі музыку, песні, расказвалі вершы і байкі. З захапленнем прысутныя пускаліся разам з артыстамі ў танцы. Удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні “Груца” частавалі сваімі кулінарнымі вырабамі. Да позняга вечара гучала музыка ў той дзень у вёсцы. Антанова весела і запамінальна сустрэла сваё свята.
Валерый Лаўрыновіч, в. Антанова:
— Мы са сваёй жонкай Капіталінай Кузмінічнай заўсёды рады сустракаць у сваім доме або на падворку самадзейных артыстаў. Вось і сёлета згадзіліся іх прыняць. Лічу, што такія святы вяртаюць нас у мінулае, калі ў вёсцы было шмат жыхароў, калі па вуліцы бегалі дзеці. Гэтага, на жаль, ужо няма, але вельмі добра, што ёсць магчымасць сустрэцца на такіх мерапрыемствах землякам і ўраджэнцам нашай вёскі, каб успомніць былыя часы.
Казімір Кадушкевіч, аг. Радзюкі:
— Нарадзіўся я і вырас у гэтай вёсцы, а жыву непадалёк, на цэнтральнай сядзібе нашага сельгаспрадпрыемства. Шмат год адпрацаваў на чыгунцы. Цяпер жа знаходжуся на заслужаным адпачынку. Часта праязджаю ў Антанова, дзе знаходзіцца дом маіх бацькоў, дзе жыве мой брат Віктар. Вось і сёння вырашыў завітаць да сваіх землякоў-аднавяскоўцаў. Уражанні ад свята, ад сустрэчы са сваімі сябрамі толькі станоўчыя і пазітыўныя.
Эльвіра Краснадубская, в. Антанова:
— Сваёй вёскай я вельмі даражу. Тут я з’явілася на свет, вырасла, стварыла сям’ю. 37 год адпрацавала на раённым вузле электрычнай сувязі ў Шаркаўшчыне, але ўвесь час жыву тут, у родных мясцінах. Ужо сёмы год знаходжуся на заслужаным адпачынку. Сёння вельмі прыемна было ўбачыць сваіх сяброў дзяцінства і юнацтва, з кім разам расла. Многія раз’ехаліся па гарадах Беларусі, блізкага замежжа, і цяпер толькі зрэдку наведваюць Антанова. У кожнага па-рознаму склаўся лёс, свая жыццёвая дарога.
Андрэй Лаўрыновіч, г. п. Шаркаўшчына:
— У Антанове жывуць мае дзядуля і бабуля Браніслаў Браніслававіч і Таццяна Іванаўна. Маё дзяцінства прайшло ў гэтай вёсцы. Кожны раз тата прывозіў мяне сюды з Шаркаўшчыны на канікулы. Памятаю, як прыязджалі ў вёску хлопчыкі і дзяўчынкі з Латвіі, Літвы, Расіі. Разам са сваімі равеснікамі мы дапамагалі старэйшым на сенакосе, пасвілі кароў і авечак. Вечарамі збіраліся ў мясцовым клубе. Я вельмі ўдзячны сваім родным за тое, што навучылі ў дзяцінстве паважаць дарослых людзей, прывілі любоў да працы.


















































