Заканчваецца 2012 год. А гэта азначае, што можна падводзіць вынікі. Пра тое, што зроблена на тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета, расказвае яго старшыня Т. М. Краснадубская.
— Таццяна Мікалаеўна, адзін з асноўных накірункаў дзейнасці, на якім засяроджваецца ўвага кіраўніцтва сельскага Савета — гэта навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
— І мы гэтаму пытанню надаём шмат увагі. Названай справай займаемся з ранняй вясны да позняй восені. У Лужкаўскім сельсавеце апошнія тры гады вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню. Гэтай карыснай справай займаемся, дзякуючы дапамозе райвыканкама і фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Сёлета агароджаны могілкі ў Дубоўцы і ў Шпікалоўшчыне (устаноўлена адпаведна 170 і 50 пралётаў жалезабетоннай агароджы). У Лужках актыўна займаліся добраўпарадкаваннем вул. Кутузава. Вяліся работы на пад’ездзе да школы — тут трэба навесці парадак і стварыць прыгажосць, бо навучальная ўстанова з’яўляецца сапраўдным гонарам аграгарадка.
Канечне, шмат работы ўжо зроблена. У 2010 годзе карэнным чынам змяніліся Верацеі — населены пункт набыў статус аграгарадка. У той жа год добраўпарадкаваны вуліцы Дзісненская і Германавіцкая, што ў Лужках. У 2011 годзе наведзены парадак на вул. 17-е верасня (Лужкі). Такім чынам за тры апошнія гады на тэрытрыі сельсавета ўстаноўлены 1790 пралётаў жалезабетоннай агароджы.
— А якая работа вядзецца па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 100 ад 23 лютага 2012 года “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і драхлых дамоў у сельскай мясцовасці”?
— Сёлета падрыхтавана для пахавання 14 фундаментаў драхлых дамоў. На гэту справу выдзяляюцца бюджэтныя сродкі — сёлета мы атрымалі 10 мільёнаў рублёў. Існуе праблема з тэхнікай. Для таго, каб навесці парадак на месцы, дзе разабралі дом, патрэбна дапамога бульдозера і экскаватара.
На жаль, з кожным годам названай справе трэба будзе ўдзяляць усё больш увагі. Вёска старэе, асабліва гэта тычыцца дробных населеных пунктаў. Застаюцца старыя, драхлыя дамы, якія нікому не патрэбны.
Мы робім удвая карысную справу — займаемся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і новыя землі, вызваленыя з палону фундаментаў, смецця і кустоўя, трапляюць у севазварот гаспадаркі.
— Таццяна Мікалаеўна, у цэнтры вашай увагі павінны знаходзіцца людзі. Раскажыце, як узаемадзейнічае сельскі Савет з грамадзянамі.
— Уся наша праца накіравана на тое, каб зрабіць больш камфортным жыццё кожнага чалавека. Мы ў любы момант гатовы аказаць пасільную дапамогу жыхарам сельсавета. Увогуле, добраўпарадкаванне праводзіцца для людзей. Але без дапамогі насельніцтва гэту справу нельга зрабіць. Прыемна, што большасць жыхароў падтрымлівае ініцыятывы мясцовай улады і, нават, дапамагае увасобіць іх у жыццё.
Мы, у сваю чаргу, стараемся не пакінуць без адказу ніводнае пытанне. У сельсавет людзі ідуць з праблемамі па вулічнаму асвятленню, забеспячэнню палівам. Большасць пытанняў узнікае ў пажылых людзей, а іх на тэрыторыі сельсавета пражывае 743 чалавекі (гэта трэцяя частка усяго насельніцтва). Актыўна працуем са старэйшынамі вёсак — гэтыя людзі падказваюць нам пытанні, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння.
— Пачалася зіма — не за гарамі халады. Давайце больш падрабязней спынімся на тэме забяспечанасці палівам.
— Гэта пытанне актуальна на працягу года. Людзі звяртаюцца да нас, калі маюць патрэбу ў паліве. У сельсавета наладжана сувязь з палівазбытам і з Лужкаўскім лясніцтвам.
Праблему з чэргамі на паліва вырашаем растлумачальнай работай. Падчас пасяджэнняў сельвыканкама, сходаў грамадзян, асабістых прыёмаў і сустрэч даношу інфармацыю пра тое, што паліва неабходна набываць на працягу года і не трэба чакаць халадоў. Прыемна адзначыць, што многія гаспадары яшчэ вясной—летам нарыхтавалі дроў і зараз у іх няма праблем з палівам.
— Першыя марозы — гэта своеасаблівы экзамен па пажарнай бяспецы ў прыватным сектары.
— Поўнасцю згодна з гэтым. Але да любога экзамена трэба рыхтавацца загадзя. Летам, восенню на тэрыторыі сельсавета арганізоўваліся рэйды па пажарнай бяспецы. У склад рэйдавых груп уваходзяць прадстаўнікі медыцыны, адукацыі, міліцыі, пажарнай службы, сельсавета. Разам вывучаем сітуацыю — наведваем шматдзетныя сем’і, адзінокіх і адзінокапражываючых, пажылых людзей, асоб, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця. Наша мэта — не дапусціць трагедыі ў дамах. Кожная служба бярэ на кантроль праблемных грамадзян. Ім аказваецца пасільная дапамога, у тым ліку ў рамонце печаў і электраабсталявання.
Але сітуацыя з пажарамі складаная. Калі ў 2011 годзе на тэрыторыі сельсавета было зафіксавана адно ўзгаранне, то ў бягучым годзе маем 4 пажары.
— Заканчваецца год — можна падводзіць фінансавыя вынікі. Як у сельсавеце ідуць справы са зборамі падаткаў?
— Даведзеныя планы па нерухомасці і зямельнаму падатку выконваюцца. Але гэта заслуга не прадстаўнікоў сельсавета, а насельніцтва. Дзякуючы добрасумленным гаспадарам, якія жывуць па прынцыпу “Заплаціў падаткі і спі спакойна”, мы папаўняем бюджэт. Хочацца выказаць словы падзякі людзям, якія штогод здаюць добраахвотныя ахвяраванні. Пенсіянеры ў нас плацяць па 10 тысяч рублёў, працаздольныя грамадзяне — па 17 тысяч. Такім чынам сёлета сабралі больш за 7 мільёнаў рублёў. Хачу нагадаць, што ўсе гэтыя сродкі накіроўваюцца на добраўпарадкаванне.
— Таццяна Мікалаеўна, змены да лепшага бачны па ўсяму сельсавету. Адметна, што і будынак сельвыканкама змяніў сваё аблічча. Раскажыце крыху пра гэта.
— Апошнім часам мы шмат увагі ўдзялялі будынку сельвыканкама. Справа ў тым, што калі Лужкі атрымалі статус аграгарадка, фінансавыя сродкі накіроўваліся на вытворчую і сацыяльную сферу. Тады грошы на рамонт будынка сельсавета не выдзяляліся. А вось у мінулым годзе знайшліся сродкі — адрамантавалі дах, прывялі ў парадак санвузел. Сёлета замянілі вокны, уваходныя дзверы. Усе рамонтныя работы завершаны. Вялікая выгада не толькі для нас, але і для наведвальнікаў аддзяленняў “Беларусбанка”, паштовай і электрасувязі, сацыяльнага пункта ТЦСАН. У такіх умовах яшчэ больш хочацца працаваць для людзей!
— Дзякуй за размову. Поспехаў вам у працы!
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА.
