Значны ўклад у добраўпарадкаванне аграгарадка Лужкі робіць сям’я Садоўскіх

Актуальное

у час наведвання месца адпачынку

У адным з газетных матэрыялаў, які быў падрыхтаваны да 80-годдзя аднаго са старэйшых жыхароў Лужкоў, прадпрымальніка Ігара Аркадзьевіча Садоўскага, узгадвалася, што гэты ініцыятыўны чалавек вырашыў стварыць акультуранае месца для адпачынку. Аграгарадок са сваёй слаўнай гісторыяй здаўна прыцягвае людзей прыгожымі краявідамі, непаўторнасцю. Тым больш, што ён размешчаны амаль у межах гідралагічнага прыроднага ландшафту Быстрыцкая даліна.
Сваю задуму прыхарашыць гэтую мясціну Ігар Аркадзьевіч пачаў ажыццяўляць два гады таму. Не падабалася яму, што адзін з прылягаючых да Быстрыцкай даліны узгоркаў выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы і пад агароды, хаця травастой там вельмі слабы, ды і сельгаскультуры ўраджайнасцю не вызначаюцца з-за нізкай урадлівасці глебы. Горш за тое, некаторыя несумленныя жыхары Лужкоў практычна стварылі тут  несанкцыянаваныя сметнікі. Параіўшыся са сваімі роднымі, атрымаўшы падтрымку ад райвыканкама і асабіста яго старшыні М. В. Морхата, аформіўшы неабходную дакументацыю, Ігар Аркадзьевіч ўзяўся за справу.
Што мы ўбачым тут сёння? Адказ на гэтае пытанне можна было атрымаць у дзень святкавання аграгарадка Лужкі. Своеасаблівую экскурсію для ўсіх зацікаўленых асоб і проста жадаючых правяла нявестка Людміла Садоўская. А зроблена вельмі шмат на замацаванай амаль 10-гектарнай плошчы. За кароткі тэрмін высаджана каля 8 тысяч дрэў і кустарнікаў. І не проста высаджаны, а з гаспадарскім падыходам, бо практычна ўсе прыжыліся і радуюць наведвальнікаў зелянінай сваіх яшчэ невялічкіх кронаў. Агароджаны, падвязаны, рэгулярна вядзецца падкос травы ў міжрадкоўях. Пракладзены верхняя і ніжняя дарогі, каб усю прыгажосць можна было акінуць позіркам зверху і, пры жаданні, спусціцца да выкапаных вадаёмаў, у якіх ужо плёскаецца рыба. Ёсць пасека, якая будзе штогод расшырацца. Таму прадугледжана высадка ліпы, саджанцамі якой аформлены алеі уздоўж дарогі, цвітуць меданосы, на якіх у пагодлівыя дні нястомныя крылатыя працаўніцы з рання да вечара збіраюць нектар, каб як мага хутчэй паласаваць клапатлівых гаспадароў салодкім і карысным для здароўя мядком.

прыгожы адкрываецца краявід

Уражваюць і далейшыя планы прадпрымальніка. На працягу будучага года плануецца ўстанавіць уздоўж дарогі лаўкі, выкапаць яшчэ адзін вадаём, паставіць альтанкі і драўляны зруб, які ў далейшым можа быць выкарыстаны як аб’ект  прыдарожнага сэрвісу.
Поўныя прыемных уражанняў пакідалі члены дэлегацыі гэтую акультураную клапатлівымі рукамі і творчымі задумамі мясціну. Шчыра дзякавалі гаспадарам за гасціннасць, працавітасць, уменне бачыць прыгожае і ствараць яго.
А ўсяго праз некалькі гадзін, у пацверджанне сказанаму вышэй, кіраўнік раёна М. В. Морхат уручыў на свяце аграгарадка Лужкі падзяку старшыні райвыканкама Ігару Аркадзьевічу Садоўскаму за вялікі ўклад у добраўпарадкаванне дадзенага населенага пункта. І такое рашэнне было з удзячнасцю падтрымана ўсімі прысутнымі, якія ў дадатак узнагародзілі свайго земляка гарачымі апладысментамі.

віншаванне ад М. В. Морхата прымае І. А. Садоўскі

Доўгага вам жыцця, Ігар Аркадзьевіч, моцнага здароўя і ўвасаблення ўсіх мар і задум!
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *