
23 жніўня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі аддзела статыстыкі Шаркаўшчынскага раёна галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці. У лічбах, з якімі працуе калектыў арганізацыі, адлюстроўваюцца лёсы людзей, а таксама мінулае, сучаснасць і будучыня нашага рэгіёна. Бо менавіта ў гэтай арганізацыі дакладна ведаюць колькасць насельніцтва ў раёне, суадносіны смяротнасці і нараджальнасці, працоўныя дасягненні работнікаў калектываў, плён працы людзей, многае іншае. За лічбамі — усё жыццё раёна.
На сённяшні дзень прадстаўнікі аддзела ў колькасці 6 чалавек займаюцца зборам, апрацоўкай і аналізам пярвічных статыстычных дадзеных, што даюць агульную карціну эканамічнага, сацыяльнага і дэмаграфічнага стану раёна, праводзяць семінары з рэспандэнтамі — прадстаўнікамі арганізацый і устаноў, якія прадастаўляюць усю неабходную інфармацыю, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Атрыманая справаздачнасць абавязкова правяраецца, бо дакладнасць і аб’ектыўнасць — галоўны прынцып работы арганізацыі. Займаюцца супрацоўнікі установы і выбарачным абследаваннем уласных падсобных гаспадарак.
З нядаўняга часу калектыў аддзела статыстыкі нашага рэгіёна ўзначальвае малады кіраўнік — Наталля Францаўна Падабыцька. Разам з ёй звыш 10 гадоў у калектыве працуюць адны з самых вопытных супрацоўнікаў — намеснік начальніка Галіна Мікалаеўна Лялека і галоўны эканаміст Іна Пятроўна Бука. Паспяхова спраўляюцца са сваімі працоўнымі абавязкамі эканамісты першай катэгорыі — Людміла Аляксееўна Якімовіч, Таццяна Аляксандраўна Мурзіч і Алёна Анатольеўна Крыўка.
Шчырых слоў удзячнасці за шматгадовую сумленную працу заслугоўваюць былыя работнікі калектыву, якія зараз на заслужаным адпачынку. Гэта Анна Антонаўна Нікалаева, Галіна Пятроўна Бохан, Любоў Валянцінаўна Буйчонак, Эрна Антонаўна Шчэрбік, Алена Казіміраўна Закрэўская і іншыя.
Віншуем усіх работнікаў аддзела і ветэранаў статыстычнай службы з прафесійным святам. Моцнага вам здароўя, цудоўнага настрою і ўсяго самага найлепшага. Няхай ажыццяўляецца ўсё задуманае як у асабістым жыцці, так і на працы!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ
