5 снежня ў вялікай зале райвыканкама прайшла першая справаздачна-выбарная канферэнцыя Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель і старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.
Аб рабоце Шаркаўшчынскага райаб’яднання прафсаюзаў за перыяд са студзеня 2015 года па снежань 2019 года праінфармаваў старшыня аб’яднання Ігар Віктаравіч Малюгін.
— Шаркаўшчынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў сёння — гэта 62 прафсаюзныя арганізацыі, якія ўключаюць у сябе 58 пярвічных арганізацый і 4 галіновыя, — паведаміў Ігар Віктаравіч. — Прафсаюзны рух раёна прадстаўлены 10 галіновымі прафсаюзамі, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Колькасць прафсаюзных арганізацый змяншаецца. Гэта выклікана двума прычынамі — закрыццём устаноў адукацыі, а таксама рэарганізацыяй прадпрыемстваў і арганізацый. За справаздачны перыяд зняты з уліку пярвічкі кансервавага завода, райгаза, Белтэлекама, падатковай інспекцыі і іншыя.
Для рэалізацыі пастаўленых перад райаб’яднаннем задач створаны Савет, у які ўваходзяць старшыні пярвічак і старшыні галіновых прафсаюзаў. На пасяджэннях Савета разглядаліся пытанні рэалізацыі сацыяльна-партнёрскіх абавязацельстваў, сацыяльна-эканамічнага стану раёна, кадравай палітыкі ФПБ, калектыўна-дагаворнай работы, аховы працы і іншыя.
Прафсаюзы прымаюць актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў арганізацыі гарачага харчавання работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. За сродкі ФПБ у 2017 годзе набыты маразільнік для сталовай КУВСП імя Маркава.
Адным з асноўных накірункаў работы райаб’яднання з’яўляецца аналіз выканання калектыўнах дагавораў. У справаздачным перыядзе дзейнічалі пагадненні на 2016-2018 гады, у сакавіку сёлетняга года падпісана пагадненне паміж Шаркаўшчынскім райвыканкамам, раённым саюзам наймальнікаў і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2019-2022 гады. Па стане на 1 снежня заключаны 1 раённае пагадненне, 2 галіновыя і 56 калектыўных дагавораў.
З мэтай павышэння эфектыўнасці абароны правоў працоўных з сакавіка 2015 года кожны месяц, за выключэннем летняга перыяду, праходзяць прафсаюзныя прыёмы грамадзян прававымі інспектарамі ФПБ, а з кастрычніка 2017 года — з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры. Усяго праведзены 43 прыёмы, на якія прыйшло 116 чалавек па самых розных пытаннях. Большасць з іх адносіліся да заключэння працоўных кантрактаў.
ФПБ з мэтай аказання дапамогі па пытаннях аховы працы на месцах, практыкуе такую форму работы, як рэйдавыя праверкі групамі тэхнічнай інспекцыі працы. Праведзены 4 маніторынгі ў 40 арганізацыях раёна, выяўлены 263 парушэнні.
Вызначаныя захады прадпрымаліся па выкананні задачы, пастаўленай Прэзідэнтам нашай краіны — стварэнне прафсаюзных структур у арганізацыях усіх форм уласнасці. За гэты перыяд створана 8 новых пярвічак, у тым ліку 4 — у прыватным сектары эканомікі.
Для нашых грамадскіх арганізацый стаў традыцыйным удзел у такіх святах як 1 Мая, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень пажылых людзей. Асобным радком у рабоце з ветэранамі праходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны. Прафсаюзны актыў раёна прыняў удзел у рамонце і добраўпарадкаванні помніка ў в. Мішуты, райаб’яднанне прафсаюзаў узяло шэфства над воінскім пахаваннем у в. Жукі Ложныя. Свой уклад прафсаюзы ўнеслі і ў рэканструкцыю комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне.
Большасць мерапрыемстваў, прысвечаных каляндарным датам, дзяржаўным і прафесійным святам, праходзяць з удзелам прафсаюзаў. Гэта конкурс “Новыя імёны Беларусі”, акцыі “Мы — разам!”, “Павіншуем маму разам!”, “Прафсаюзы — дзецям!” і іншыя. Усе накірункі работы прафсаюзаў раёна адлюстроўваюцца ў сродках масавай інфармацыі. За справаздачны перыяд у раённай газеце “Кліч Радзімы” апублікаваны 232 матэрыялы, на сайтах газеты і райвыканкама — 297 матэрыялаў.
На працягу гэтых пяці год прафсаюзы актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх выбарчых кампаніях, якія праходзілі ў нашай краіне. Падчас правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 17 лістапада, у нашым раёне ў склад участковых выбарчых камісій ад прафсаюзаў уваходзілі 52 чалавекі, назіральнікамі з’яўляліся 40 чалавек. 2 прадстаўнікі ад прафсаюзаў Віцебшчыны ўвайшлі ў склад новага парламента — гэта Павел Сільчонак і Ірына Палякова.
Падводзячы вынікі сказанаму, Ігар Віктаравіч выказаў надзею, што за прайшоўшы перыяд раённае аб’яднанне прафсаюзаў, яго Савет сталі цэнтрам прафсаюзнага жыцця, дзе можна знайсці дапамогу і вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць перад кожным у выніку прафесійнай і грамадскай работы.
У спрэчках выступілі старшыня маладзёжнага савета раённага аб’яднання прафсаюзаў Юлія Ганебная, старшыня пярвічкі ААТ “Княж” Таццяна Бохан, намеснік старшыні пярвічкі ДБУ-26 Сяргей Свілёнак.
У другой частцы пасяджэння на галасаванне былі пастаўлены пытанні з прапановамі аб выбранні старшыні, яго намесніка, іншых органаў раённага аб’яднання прафсаюзаў, вылучэнні дэлегата на справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і аб дэлігіраванні кандыдатуры ў склад Савета Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
Аднагалосна старшынёй Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў выбраны Ігар Віктаравіч Малюгін, пасля чаго ён урачыста даў клятву прафсаюзнага лідара.
Пасля афіцыйнай часткі ва ўрачыстай атмасферы ўзнагароды атрымалі актывісты прафсаюзнага руху нашага раёна. Юбілейным медалём “115 год прафсаюзнаму руху Беларусі” Іван Канстанцінавіч Вазміцель узнагародзіў ветэрана працы, былога старшыню прафкама ААТ “Ельня-Агра” Зінаіду Леанідаўну Касарэўскую. Граматы абласнога аб’яднання прафсаюзаў атрымалі старшыні пярвічак Галіна Бучынская, Анна Суднік, Падзяку — Таццяна Бохан. Кіраўнік раёна Дзмітрый Міхайлавіч Ламака ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама Валянціне Хаданёнак — старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Шаркаўшчынскай ЦРБ. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін граматамі аб’яднання адзначыў працу старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Наталлі Цітовіч і казначэя пярвічкі прадпрыемства меліярацыйных сістэм Марыі Пучынскай.
























