
Нікому ўжо не сакрэт, што вясковае насельніцтва старэе. У гэтым яшчэ раз пераканалася, калі праехала разам з удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць”, створанага пры аўтаклубе раённага метадычнага цэнтра, па вёсках Антанова, Дуліна, Жоўніца Радзюкоўскага сельскага Савета. Як толькі зайграла музыка, а гэта расцягвала мяхі гармоніка Галіна Пятроўна Сафончык, у вызначаным месцы вёсак збіраліся людзі. Практычна ўсе былі пенсійнага ўзросту.
Вось вёска Антанова. Прымасціліся на лаўцы ў двары Валерыя Станіслававіча Лаўрыновіча кабеты і мужчыны. Спачатку вялі гутарку, дзяліліся ўспамінамі. У іх праблемы свае — старэчыя: прывесці ў парадак агароды, назапасіць на зіму паліва, зменшыць артэрыяльны ціск…
Пажылым людзям важна бачыць, што дзяржава аб іх клапоціцца. У вёску прыходзіць аўталаўка з таварамі першай неабходнасці. Многія пытанні вырашае выканкам сельскага Савета, кіраўніцтва гаспадаркі, дзе ўсе яны адпрацавалі на роднай зямлі.
А ў гэты дзень было для іх свята, бо прыехалі павесяліць самадзейныя артысты. Прысутныя слухалі песні, падпявалі, некаторыя нават танцавалі.
Кацярына СОСНА
