Паспяхова выступілі шаркаўчане на абласным экалагічным свяце-конкурсе ў Докшыцах

Актуальное

удзельнікі аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць”;

15 верасня ў Докшыцах праходзіла абласное экалагічнае свята-конкурс пад назвай “Квітней, мая зямля”. У конкурсе прымалі ўдзел 15 аматарскіх калектываў аўтаклубаў раёнаў вобласці.
Праграму “Ельня — лёгкія Еўропы” прадаставіла аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць” аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама пад кіраўніцтвам Галіны Сафончык. Абаранялі гонар свайго раёна Аксана Міронава — дырэктар Навасельскага СДК, Таццяна Лаздоўская — дырэктар Радзюкоўскага Дома культуры, Аксана Сініца — дырэктар РМЦ, Алёна Сухаверская — метадыст па фальклору РМЦ і Галіна Сафончык.
Раскрыць дадзеную тэму пры напісанні сцэнарыя самадзейным артыстам раёна дапамагалі вершы і песні Міхася Машары, Кацярыны Сосна, Віктара Лагуна, Ірыны Тарбецкай, Галіны Сікора, а фотаматэрыялы для прагляду ўнікальных мясцін прадаставіў фатограф РКБА Валерый Кавалёнак.
Пры падвядзенні вынікаў кампетэнтным журы, якое ўзначальваў намеснік старшыні абласнога аддзела культуры А. П. Сідарэнка, аматарскаму аб’яднанню “Душэўная ўтульнасць” прысуджана трэцяе месца ў намінацыі “Лепшая праграма для дарослых і моладзі”. Калектыў узнагароджаны дыпломам лаўрэата трэцяй ступені ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”.

кветкаводкі Германавіцкага ЦКіНТ

Пакуль ішло выступленне калектываў на сцэне, у вызначаным месцы на плошчы горада буялі кветкі: там размясціліся рады кветкаводаў. Ад нашага раёна кветкавыя кампазіцыі прадаставіла аматарскае аб’яднанне кветкаводаў “Архідэя” Германавіцкага ЦКіНТ пад кіраўніцтвам Алены Рубніковіч. Ёй дапамагалі маладыя кветкаводкі Света Рубніковіч і Карына Мядзелец. Аб’яднанне “Архідэя” стала лаўрэатам трэцяй ступені ў намінацыі “Лепшая кампазіцыя — афармленне выставы — пляцоўкі”.
На наступнай пляцоўцы на століках стаялі слоікі з незвычайнымі варэннямі. Пасля іх дэгустацыі, трэба было аддаць перавагу таму, якое спадабалася. Дырэктар германавіцкага ЦКіНТ Вольга Сташкевіч зварыла варэнне з пялёсткаў руж і нават рэцэпт прыгатавання яго прапанавала. Яно было адзначана, як лепшае.
У кожным раёне ёсць свае прыродныя крыніцы. З іх была дастаўлена вадзіца. Шаркаўчане прывезлі яе з Лапаковае крыніцы, што ў Алашках:
З Лапаковае зямліцы, б’е, струменіцца вадзіца,
Стому з цела выганяе, сілы, радасць прыбаўляе.
З даўніны ўсе казалі, што дзяўчаты тайну зналі,
Калі той вады напіцца, будзеш пекнай маладзіца…
Як было не паспрабаваць крынічнай вадзіцы з такой рэкламай?!
Чаго там толькі яшчэ не было! Вабіла вока гародніна і садавіна, якая вырасла з дзіўнай формай і канфігурацыяй. У некаторыя агароднія культуры сваю фантазію ўносілі ўмельцы, і яны нагадвалі жывыя істоты. Сярод такіх радоў агародніна і садавіны ляжаў вялізны каралеўскі гарбуз, вырашчаны на шаркаўшчынскай зямліцы.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *