Качанава і дырэктары школ анлайн абмеркавалі дыстанцыйнае навучанне і іншыя актуальныя пытанні адукацыі

Актуальное

Без названия (10)

У Савеце Рэспублікі ў рэжыме анлайн прайшло пасяджэнне Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Разам са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай дырэктары школ абмеркавалі стварэнне адзінай платформы дыстанцыйнага навучання, пашырэнне ўзаемадзеяння з сям’ёй і іншыя актуальныя пытанні сістэмы адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Качанава нагадала, што асноўныя напрамкі ў развіцці адукацыі дакладна вызначыў Рэспубліканскі педагагічны савет, у якім у 2017 годзе прымаў удзел Прэзідэнт. «Для нас важна сёння, як выконваюцца даручэнні, якая сітуацыя складваецца ў навучальных установах краіны, як прайшла чацвёртая вучэбная чвэрць, якая супала з няпростым эпідэміялагічным перыядам. Пытанні, якія вынесены на абмеркаванне, вельмі актуальныя», — сказала старшыня Савета Рэспублікі.

 

Спікер выказала ўпэўненасць, што размова будзе карыснай і пасадзейнічае таму, «каб і ў далейшым прымаць, калі гэта спатрэбіцца, абсалютна правільныя і вывераныя рашэнні, якія будуць на карысць развіцця сістэмы адукацыі».

У час відэаканферэнцыі абмяркоўвалася выкарыстанне ў навучанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Размова ішла перш за ўсё аб адзінай платформе дыстанцыйнага навучання, распрацоўка якой цяпер вядзецца. «Ідзе актыўная работа. Збіраюцца матэрыялы вядучых педагогаў, настаўнікаў-метадыстаў. Школы прадастаўляюць свой матэрыял для гэтай платформы. Гэта ўсё акумулююць», — расказала журналістам член Савета Рэспублікі, дырэктар сталічнай гімназіі нумар 10, старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Марына Ільіна. Паводле яе слоў, партал ствараецца з выкарыстаннем перадавых тэхналогій. Ён стане пляцоўкай, дзе дзеці змогуць атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні са школьнай праграмы. «Думаю, гэта будзе вельмі дастойная платформа, дзе можна будзе аддалена атрымліваць якасную адукацыю. Зробім усё магчымае, каб платформа пачала працаваць да канца года», — падкрэсліла сенатар.

Акрамя таго, у час відэаканферэнцыі асацыяцыя закранула тэму інфармацыйнай бяспекі школьнікаў. Разглядалася таксама магчымасць прыняцця дзяржаўнай праграмы, нацэленай на фарміраванне станоўчага іміджу настаўніка, яго прафесійнае развіццё, матэрыяльную падтрымку і г.д. Акрамя таго, педагогі абмеркавалі сучасныя падыходы ў рабоце з сям’ёй. У прыватнасці, агучвалася прапанова аб стварэнні серыі тэлеперадач для бацькоў па розных пытаннях, звязаных з адукацыяй.

 

У відэаканферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, каардынатары дзейнасці Беларускага педагагічнага таварыства, члены Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі, дырэктары беларускіх школ і гімназій.

Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі створана ў структуры Беларускага педагагічнага таварыства ў 2013 годзе. Сярод яе мэт — удасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, заканадаўчай базы ў сферы адукацыі, выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту ў сферы кіравання ўстановамі адукацыі.