Павялічваюцца надоі на малочнатаварным комплексе «Пашкі» ААТ «Агратэхсэрвіс»

Актуальное

IMG_0551 (Копировать)
Сонечным днём у пачатку чэрвеня мы пад’язджаем да  малочнатаварнага комплексу «Пашкі» ААТ “Агратэхсэрвіс”. Пад блакітным небам і промнямі сонца новыя будынкі з чырвонай цэглы, заасфальтаваны акуратны двор радуюць вока. Нагадаем нашым чытачам, што комплекс быў здадзены ў эксплуатацыю адносна нядаўна — напрыканцы 2013 года. У загадчыцы комплексу Людмілы Сіпко, якая звычайна знаходзіцца на працоўным месцы з 6 гадзін раніцы да 8 вечара, у дзень нашага прыезду якраз выхадны дзень. Таму на падворку нас сустракае тэхнік-асемянанатар Іна Магалінская, якая і знаёміць нас са спецыфікай працы мясцовых жывёлаводаў. Сама Іна працуе на комплексе тры гады. Адразу адчуваецца, што яна з тых энергічных жыццярадасных людзей, якія жывуць сваёй справай, укладаюць у яе душу.

— Мне падабаецца працаваць тут, — кажа яна. — Паглядзіце, як у нас чыста, акуратна, ніколі не спыняецца рух. А самае галоўнае ёсць дружны  зладжаны калектыў. Працы ў мяне многа, таму час ляціць незаўважна і сумаваць няма калі. На нашым комплексе ўтрымліваюцца 1292 галавы жывёлы. Гэта і цяляты, і цёлкі, і дойныя каровы. Каб арыентавацца ў сваёй рабоце, мне неабходна заўсёды ведаць, хто дзе знаходзіцца. Даводзіцца займацца і сартаваннем, і лячэннем, ну і канечне, сачу, каб каровы своечасова пакрываліся, цяліліся. Ад гэтага залежыць прырост пагалоўя, а таксама колькасць атрыманага малака і прыбытку.

IMG_0535 (Копировать)

Іна вядзе нас на даільную яму, дзе тры жанчыны завіхаюцца ў праходзе, падключаючы даільныя апараты да кароў, якія стаяць ў спецыяльных адсеках, размешчаных вышэй. На жаль, у памяшканні цемнавата, умовы непрыдатныя для фатаграфавання. І таму запрашаем іх для фотаздымка на двор. Тут і знаёмімся з імі бліжэй. Алена Катовіч працуе на комплексе нядаўна, прыйшла ў жывёлагадоўлю два гады назад, да гэтага працавала на пошце. За гэты час засвоіла прафесію і паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. А вось аператараў машыннага даення Алену Савушкіну і Алену Курылёнак можна назваць старажыламі, яны працуюць на комплексе з самага яго адкрыцця. Гэта вопытныя даяркі, стаж работы якіх налічвае дзясяткі гадоў. Яны кажуць, што даіць кароў на комплексе лягчэй, чым на полі. Яны ўтраіх спраўляюцца з даеннем 682 кароў. Дапамагае ім падменная даярка Алена Юркевіч. Заўважылі, што ўсе яны Алены? Такое вось цікавае супадзенне.

IMG_0557 (Копировать)Ёсць у калектыве і мужчына. Жывёлавод-загоншчык Аляксей Арлюкевіч заганяе кароў са стойла ў даільную залу на дойку, падоеных выганяе, заганяе новых. Памятаеце, што дойных кароў на комплексе 682? Так што работы яму хапае. Акрамя гэтага яшчэ дапамагае ветэрынару, асемянатару. Раней ён сам працаваў доярам і прыгадвае, што яго статак быў сярод тых, што першым загналі на новы комплекс. Цяпер Аляксей змяніў род дзейнасці і спраўляецца са сваімі абавязкамі выдатна.

А вось бачым на двары яшчэ аднаго важнага для работы комплексу чалавека. Трактарыст Ігар Качан залівае вадою бочку і зараз на сваім трактары павязе яе паіць гурт цёлак, які пасвіцца непадалёк. Акрамя падвозу вады Ігар працуе на кормараздачы.

IMG_0587 (Копировать)Выніковасць працы жывёлаводаў на фермах, вядома ж, вызначаецца па надоях, пра якіям нам расказала эканаміст ААТ “Агратэхсэрвіс” Рэгіна Невярковіч. І трэба адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам яны значна падраслі, у паўтара разы. Да прыкладу, за пяць месяцаў мінулага года валавы надой склаў 635 330 кг, а сёлета за гэты ж перыяд надаілі 958 229 кг. Праўда, трэба ўлічыць, што павялічылася і колькасць дойнага статку: з 596 галоў да 682. Спецыфіка працы на комплексе такая, што надоі дзеляцца пароўну на кожную з даярак. Так, за май гэтага года трое даярак надаілі разам 194 597 кг малака, 64 993 кг кожная.

Што ж, застаецца пажадаць працаўнікам малочнатаварнага комплексу «Пашкі» не зніжаць паказчыкаў і ў далейшым працаваць гэтак жа плённа.

Андрэй БУРЭЦ.