Што ўяўляе сучасны прадстаўнік моладзі? Пра гэта я даведаўся, сустрэўшыся і пагутарыўшы з вучаніцай Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 Палінай Ліманоўскай. Сёлета яна скончыла дзясяты клас і перайшла ў адзінаццаты. У школе дзяўчына вучыцца добра, любімыя прадметы — хімія і біялогія. Дарэчы, яна ўжо вызначылася з выбарам будучай прафесіі: збіраецца паступаць на фармацэўта. І хоць наперадзе яшчэ год навучання ў школе, яна ўжо цяпер, не губляючы часу, рыхтуецца да тэсціравання. Вучобу сумяшчае з пазакласнай дзейнасцю. У свой час разам са сваімі школьнымі сябрамі ўдзельнічала ў ваенны-спартыўнай гульні “Зарніца”, у конкурсе юных інспектароў дарожнага руху і ў іншых школьных мерапрыемствах. А з 2019 года з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ у сваёй школе.
— Паліна — з тых маладых людзей, якія аказваюць мне сур’ёзную дапамогу ў правядзенні маладзёжнай палітыкі, — кажа першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Міхаіл Пугаўка. — Дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў разнастайных маладзёжных праектах, трэнінгах, конкурсах, якія праводзяцца ў нашым раёне, вобласці. Напрыклад, яна стала пераможцай раённага конкурсу “Лідар года-2020”. Цяпер мы праводзім інфармацыйную прафілактычную акцыю “Летні патруль”, якая мае на мэце папярэджанне няшчасных здарэнняў на вадзе падчас адпачынку. І Паліна сярод тых, хто прымае ў ёй актыўны ўдзел, дапамагае арганізаваць моладзь.
Чытачы раённай газеты павінны ведаць Паліну па шматлікіх публікацыях, у якіх мы расказвалі пра выступленні шаркаўчан на спаборніцтвах па спачане. Дзяўчына сур’ёзна займалася гэтым новым відам спорту, які хутка набірае папулярнасць, і паспяхова выступала на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах.
Вось такі ў нас атрымаўся партрэт сучаснага маладзёжнага лідара. Актыўная, адказная, мэтанакіраваная дзяўчына, якая спрабуе сябе ў розных сферах дзейнасці і ведае, чаго хоча ад жыцця.
Андрэй БУРЭЦ.
