Пасля рэканструкцыі малочнатаварная ферма ў Лонскіх (ААТ «Юдыцына») зменіцца да непазнавальнасці

Сельское хозяйство

з самага пачатку рэканструкцыі задзейнічаны на будоўлі муляры Сяргей Бондар, Барыс Волкаў і Георгій Клімушка

Рэканструкцыя малочнатаварных ферм з’яўляецца адной з прыярытэтных задач у сельскай гаспадарцы, пра гэта неаднаразова гаварылася Прэзідэнтам, абласным кіраўніцтвам. У Шаркаўшчынскім раёне на дадзены момант вядзецца рэканструкцыя 6 аб’ектаў. Сярод іх МТФ Лонскія ААТ «Юдыцына». Падрадчыкам тут выступае Шаркаўшчынская ПМС — яе работнікі і тэхніка і задзейнічаны ў асноўным на рэканструкцыі.
У дзень нашага наведвання галоўным на будоўлі быў майстар будаўнічых работ Яўген Паўловіч. Ён ахвотна правёў мяне па аб’екце, расказаў у агульных рысах пра зробленае і задуманае. Ад старога будынка фермы застаўся толькі каркас, новай цэглай былі выкладзены тарцы, перакрыты па-новаму дах, залітая бетонам падлога ўнутры. Пачалі рыхтаваць пляцоўкі для будаўніцтва яшчэ аднаго кароўніка і даільнай залы, якія будуць размешчаны па баках былой фермы.
Каб даведацца, на якім этапе знаходзяцца работы цяпер, мы патэлефанавалі прарабу Дзмітрыю Шынкевічу, які з’яўляецца адказным на рэканструкцыі фермы:
— На дадзены момант (гутарка адбывалася 3 кастрычніка) рэканструяваны будынак старой фермы практычна гатовы, у ім будзе адзін з кароўнікаў. Цяпер пачынаем закладку падмурка пад даільную залу, якая размесціцца злева. Справа будзе пабудаваны яшчэ адзін кароўнік. Работы ў нас, канечне, шмат. Запланавана будаўніцтва двух гнаясховішчаў, сянажных траншэй, бурэнне свідравіны і правядзенне каналізацыі, будуць заасфальтаваны пад’езды, добраўпарадкавана тэрыторыя. Такім чынам, усё будзе зроблена згодна з сучаснымі патрабаваннямі. Закончыць усе работы плануем ў 2013 годзе.
Як бачым, слова рэканструкцыя і не надта падыходзіць да таго, што адбываецца на аб’екце ў Лонскіх, хутчэй гэта новае маштабнае будаўніцтва, якое зменіць былую ферму да непазнавальнасці.
Андрэй БУРЭЦ

хапала работы брыгадзе бетоншчыкаў у складзе Паўла Майла, Паўла Якімовіча, Фёдара Молакава і Аляксандра Кавальчука, у дзень яны выпрацоўвалі каля 2 тон цэменту
малады муляр Ілля Волкаў быў заняты на "галерэі" — пераходзе паміж кароўнікам і будучай даільнай залай
Уладзімір Балтрукевіч і Руслан Шчарбакоў рыхтавалі падлогу ўнутры кароўніка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *