Нядаўна ў цэнтральным гарадскім скверы мы сустрэлі былых супрацоўнікаў Шаркаўшчынскай падатковай інспекцыі — Ганну Антонаўну Макаранка і Эдуарда Уладзіміравіча Юдыцкага. Яны ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, таму было некалькі хвілін, каб пацікавіцца ў гэтых паважаных людзей пра гады працы ў інспекцыі.
— Пасля школы я вучылася ў Мінскім фінансава-эканамічным тэхнікуме, — успамінае Ганна Антонаўна. — Сама я родам з Пастаўскага раёна, але з юнацкіх гадоў і да цяперашняга часу жыву ў Шаркаўшчыне. Свой працоўны шлях пачала ў далёкім 1977 годзе на пасадзе эканаміста дзярждаходаў раённага фінансавага аддзела. Калі ў 1990 годзе стварылі падатковую інспекцыю, я перайшла туды ў якасці старшага падатковага інспектара. За 34 гады майго працоўнага стажу займала розныя пасады ў падатковай інспекцыі. На заслужаны адпачынак пайшла з пасады намесніка начальніка інспекцыі.
Гады працы назаўсёды засталіся ў маёй памяці. Шмат добразычлівых і граматных людзей было ў нашым калектыве. З цеплынёй у сэрцы ўспамінаю Рыту Пятроўну Піланц, якая ў пачатку майго працоўнага шляху заўсёды і ва ўсім дапамагала мне. Ведаеце, мы не толькі шчыра працавалі, але і з густам ладзілі свой адпачынак. Заўсёды прымалі ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах. І не проста ўдзельнічалі, а заваёўвалі перамогу, станавіліся прызёрамі. Цяпер, на жаль, гэта ў мінулым. Але ж пра старасць думаць, я лічу, яшчэ рана. Часта бачымся з былымі калегамі, успамінаем тыя часы.
— Я сваю працу ў райфінаддзеле пачаў у верасні 1966 года, калі аднавіўся Шаркаўшчынскі раён, — далучыўся да гутаркі Эдуард Уладзіміравіч Юдыцкі. — З’яўляўся інспектарам па дзяржаўных даходах. Таксама як і Ганна Антонаўна ў 1990 годзе пераводам быў працаўладкаваны ў падатковую інспекцыю. Паступова ўздымаўся па кар’ернай лесвіцы. Быў начальнікам аддзела па падаткаабкладанні фізічных асоб. Як і ў любога пачынаючага спецыяліста, у мяне былі выдатныя настаўнікі, памочнікі і калегі. Гэта Ядзвіга Вітольдаўна Танканог, Зоя Мікалаеўна Маціеўская, Мікалай Анатольевіч Падагель, Віктар Макаравіч Марозаў, Палікарп Іосіфавіч Сцяпанаў. Дарэчы, з апошнім мы вельмі часта ездзілі разам у камандзіроўкі па сельгаспрадпрыемствах раёна.
Штат супрацоўнікаў нашай інспекцыі быў пашыраны, калі ў раёне пачалі сваю дзейнасць індывідуальныя прадпрымальнікі. Памятаю, што ў 2001 годзе іх налічвалася 248 чалавек. Нам трэба было ў абавязковым парадку своечасова правяраць у іх усю неабходную дакументацыю, весці пастаянны ўлік. У 2001 годзе я пайшоў на заслужаны адпачынак. Вось ужо 19 год з’яўляюся пенсіянерам.
З нагоды юбілею падатковых органаў Рэспублікі Беларусь жадаю сваім былым калегам трывалага здароўя, жыццёвай энергіі і аптымізму. А сённяшнім супрацоўнікам — сямейнага дабрабыту, працоўных поспехаў, мірнага неба над галавой.
Сяргей РАЙЧОНАК.
