Як добра, што ёсць добрыя людзі! Словы падзякі

Актуальное

Падтрымка і ўвага маленькай Паліне
Сяргей і Таццяна Лунскія чакалі нараджэння дзіцяці 13 год. І калі паўтара года назад у Таццяны нарадзілася маленькая Паліна, іх радасці не было межаў. Але радасць была азмрочана тым страшным дыягназам, які паставілі дзіцяці ўрачы, — прыроджаны парок сэрца. Дзяўчынцы былі патрэбны ўся магчымая ўвага і клопат. Зразумела, што Сяргей і Таццяна рабілі ўсё ад іх залежнае. Але ў такой справе вельмі неабходна дапамога і падтрымка іншых. Слова — Таццяне:
— Хачу падзякаваць дырэктару УКП ЖКГ Валянціну Буку і старшыні прафкама Алене Крывёнак. Да дэкрэтнага водпуску я працавала рабочай у дадзенай арганізацыі, і пасля нараджэння Паліны гэтыя людзі аказалі нам вельмі важную падтрымку, дапамагалі матэрыяльна, выдзялялі пры неабходнасці, калі нам трэба было вазіць Паліну на абследаванні і кансультацыі ў Віцебск і Мінск, транспарт. Яшчэ хачу выказаць падзяку за дабрыню, душэўнасць, прафесіяналізм і разуменне нашым урачам: участковаму ўрачу-педыятру Веры Юркевіч і раённаму ўрачу-педыятру Святлане Магалінскай. Яны нас вельмі падтрымалі ў гэты цяжкі год. Пастаянна трымалі сітуацыю пад кантролем, давалі парады, Вера Юркевіч па першаму выкліку наведвала Паліну. Няхай дасць Бог здароўя гэтым добрым людзям і іх дзецям.
Мы ж у сваю чаргу пажадаем маленькай Паліне вырасці здаровай і радаваць бацькоў.

Добрыя людзі дапамаглі ў бядзе
Год назад у жыхаркі вёскі Малонка Радзюкоўскага сельсавета Ганны Антонаўны Дулінскай згарэў дом. Для 80-гадовай жанчыны гэта стала сапраўднай бядой. І як прыемна, што на дапамогу прыйшлі добрыя людзі, не пакінулі пажылую жанчыну сам-насам з бядой. Цяпер адбудаваны дом, перад надыходам зімовага перыяду выкладзена печка. Кожны, хто трапляў у бяду, ведае, як гэта важна адчуць у складаны момант падтрымку іншых, бачыць, што пра цябе на забылі. Таму і папрасіла Ганна Антонаўна Людмілу Гараднічук перадаць у раённую газету словы падзякі ўсім тым, хто аказваў дапамогу. А гэта кіраўніцтва КУВСП імя Маркава ў асобе Леаніда Іванавіча Зубовіча, які выдзяляў матэрыялы на будоўлю, дырэктар ТЦСАН Святлана Мечыславаўна Савейка, якая прыняла дзейны ўдзел у справе, пастаянна трымала сітуацыю пад кантролем. Ганна Антонаўна шмат гадоў адпрацавала настаўніцай, і таму ў складаную хвіліну на дапамогу ёй прыйшлі былыя калегі з Шаркаўшчынскіх СШ № 1 і № 2, Іёдскай сярэдняй школы-сада. Ім таксама яна выказвае словы ўдзячнасці.

Дзякуй вам за дабрыню і спагаду, Святлана і Алена

З рэдакцыяй пастаянна падтрымлівае сувязь сацыяльна-педагагічны цэнтр і расказвае пра тых добрых людзей, што аказваюць ім дапамогу. Вось і на гэты раз педагог сацыяльны Алеся Грыдзюшка паведаміла наступную гісторыю:
— У адзін з восеньскіх дзён патэлефанавалі з прапановай аказаць дапамогу нашым выхаванцам прадпрымальнікі Святлана Станько (магазін «Мілавіца») і Алена Зорына (магазін «Сонейка»). У той жа дзень яны прыехалі да нас з вялікай колькасцю падарункаў. Сярод іх былі школьныя касцюмы, блузкі, штаны, галаўныя ўборы, шалікі, дэмісезонны абутак, цёплыя світэры. У сваю чаргу, мы правялі для жанчын невялікую экскурсію па нашай установе, пазнаёмілі з дзецьмі, расказалі пра ўмовы іх пражывання.
Калектыў нашага цэнтра і яго выхаванцы выказваюць вялікую ўдзячнасць Святлане Станько і Алене Зорынай за іх дабрыню і спагадлівасць, разуменне няпростай сітуацыі, у якой аказаліся дзеці.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ

Рэдакцыя газеты “Кліч Радзімы” даволі часта атрымлівае пісьмы ад сваіх чытачоў, у якіх выказваюцца просьбы і пажаданні, часам крытычныя заўвагі. Але часцей за ўсё жыхары шаркаўшчынскага краю звяртаюцца ў раённае выданне, каб адрасаваць радкі ўдзячнасці людзям, якія іх заслугоўваюць. Менавіта такі ліст калектыў рэдакцыі нядаўна атрымаў ад пенсіянеркі з вёскі Погары Яўгеніі Іпалітаўны Арлоўскай. Жанчына выказвае падзяку начальніку раённага вузла паштовай сувязі Кацярыне Альфонсаўне Руткоўскай за матэрыяльную падтрымку з нагоды Дня пажылых людзей і жадае ўсім супрацоўнікам пошты ўсяго самага найлепшага як у нялёгкай працы, так і ў асабістым жыцці.
Падрыхтавала Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *